Для экалагічнага выхавання дзетак у яслях-садзе № 12 Навагрудка стварылі свой агарод і ўжо сабралі ўраджай.
Наяўнасць такой экалагічнай пляцоўкі спрыяе кантакту дзяцей з аб’ектамі жывой прыроды, знаёміць выхаванцаў з сезонным зменамі ў прыродзе. Тут дзеці маюць магчымасць назіраць за развіццём раслін, запомніць іх назвы, прыметы знешняга выгляду, авалодаць навыкамі паліву і праполкі, усвядоміць ролю прыроды ў жыцці чалавека. Акрамя гэтага дзеці авалодваюць навыкамі сумеснай працы, якая дае магчымасць навучыцца адказнасці, садзейнічае аб’яднанню дзіцячага калектыву, захаванню і ўмацаванню здароўя дзяцей.
Агарод у дзіцячым садзе – гэта яшчэ адна магчымасць бачыць вынікі сваёй працы. На нашым агародзе дзеці сумесна з выхавальнікамі пасадзілі кроп, цыбулю, буракі, кабачкі, памідоры. Усё лета выхаванцы старанна палівалі расліны, палолі, назіралі за ростам агародніны. А як радаваліся яны, калі настаў час збіраць ураджай. Рабяты сярэдняй групы з гонарам збіралі ўраджай цыбулі, старэйшыя выхаванцы насілі ў кошыкі кабачкі, памідоры, капусту. Разам з дзецьмі радаваліся і педагогі. Праца гартуе дужых і самастойных.
Наталля ЖУЛІНСКАЯ,
выхавальнік ясляў-сада № 12 Навагрудка