У першыя вераснёўскія дні па ўсёй краіне разгортваецца свята беларускага пісьменства. У выхаваўчых, навучальных і культурна-асветніцкіх установах ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы, прысвечаныя беларускай кнізе, роднай мове. Не стала выключэннем і наша школа.
Склалася добрая традыцыя, што першы ў навучальным годзе чацвер (ці, як мы яго называем, “беларускамоўны чацвер”) прысвячаецца Дню беларускага пісьменства. Сёлета ён пачаўся з прагляду кніжнай выставы, прысвечанай кнігадрукаванню мінулага і сучаснасці.
Вучні 10–11 класаў падрыхтавалі прэзентацыі на тэму “Гісторыя кнігадрукавання”. Для вучняў 5–6 класаў былі арганізаваныя гутаркі пра родны край, нацыянальную мову і культуру, знакамітых асоб, чыя дзейнасць спрыяла развіццю і росквіту духоўнасці. Навучэнцы 7–8 класаў прынялі ўдзел у гістарычнай гульні “Вандроўка па родным краі”.
А вось для дзевяцікласнікаў было арганізавана цікавае пазакласнае мерапрыемства “Дарогі ведаў і духоўнасці”. Хлопцы і дзяўчаты не толькі гаварылі пра гісторыю кнігадрукавання, але і здзейснілі віртуальнае падарожжа па беларускіх гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання, а таксама адказалі на пытанні віктарыны “Сталіцы духоўнага шляху”.
Ларыса АЎЧЫННІКАВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 41 Магілёва