Стратэгію развіцця ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі абмеркавалі на Магілёўшчыне. На базе абласнога Цэнтра творчасці адбыўся савет дырэктараў устаноў гэтага профілю.
Кіраўнікі з усяго рэгіёну сумесна разважалі над асноўнымі пытаннямі дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі, будавалі планы развіцця на бліжэйшую перспектыву, абмяркоўвалі актуальныя напрамкі дзейнасці ў бягучым навучальным годзе.
– Функцыянаванне ўстаноў дадатковай адукацыі ў рэгіёне наладжана дастаткова эфектыўна. Педагагічныя калектывы працуюць з улікам сучасных рэалій: пералік прапанаваных аб’яднанняў па інтарэсах пастаянна абнаўляецца, ва ўмовах пандэміі многія ўстановы змаглі хутка перайсці на дыстанцыйнае навучанне. Аднак ёсць негатыўны фактар: працэнт дзяцей, якія ахоплены дадатковай адукацыяй, зменшыўся. А гэта адзін з асноўных паказчыкаў працы. Таму неабходна сумесна распрацаваць меры, здольныя змяніць негатыўную тэндэнцыю. Некаторыя ўстановы не надаюць належнай увагі папулярызацыі сваёй дзейнасці, а між тым гэта непасрэдна ўплывае на колькасць навучэнцаў. Сёння педагагічным калектывам неабходна комплексна прадстаўляць установы ў інтэрнеце, шырока выкарыстоўваць магчымасці афіцыйных сайтаў. Усебаковае ўзаемадзеянне таксама ўваходзіць у лік прыярытэтаў. Цэнтры павінны стаць каардынатарамі дадатковай адукацыі ў сваіх раёнах, курыраваць дадатковую адукацыю ў школах, установах культуры і спорту. Не менш важнае і ўзаемадзеянне з сем’ямі навучэнцаў. Наша галоўная мэта застаецца ранейшай – не толькі вучыць, але і выхоўваць дзяцей. І выхоўваць іх сапраўднымі патрыётамі сваёй радзімы, – арыентавала ўдзельнікаў савета намеснік начальніка аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама А.В.Клімянкова.
Пра стан і эфектыўнасць функцыянавання ўстаноў дадатковай адукацыі рэгіёну падрабязна распавёў дырэктар абласнога Цэнтра творчасці С.Б.Іваноў. Паводле яго слоў, сёння ў рэгіёне функцыянуюць 36 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У іх навучаюцца звыш 47 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак, што складае 43,7 % ад агульнай колькасці навучэнцаў.
– Галоўным арыенцірам у дзейнасці застаецца асоба кожнага навучэнца. Трэба таксама звярнуць увагу на павышэнне ахопу дадатковай адукацыяй дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Па-ранейшаму важным застаецца павышэнне прафесійнага ўзроўню педагагічных работнікаў, бо менавіта ад гэтага першачаргова залежыць выніковасць функцыянавання навучальных устаноў, – падкрэсліў С.Б.Іваноў.
Асаблівая ўвага ў ходзе дыялогу была нададзена пераходу ўстаноў дадатковай адукацыі ў рэжым дыстанцыйнага навучання. Як было адзначана, ва ўмовах агульнай цыфравізацыі адукацыі, наяўнасць магчымасцей для дыстанцыйнага навучання – патрабаванне часу.
Падчас савета таксама неаднаразова было падкрэслена: асноўны фактар пераходу на новы якасны ўзровень адукацыйнага працэсу – інавацыйная дзейнасць. І значна, што ўстановы дадатковай адукацыі Магілёўскай вобласці функцыянуюць у інавацыйным рэжыме. У сваёй працы педагагічныя калектывы ўлічваюць павевы часу, жыццёвыя рэаліі, кіруюцца інтарэсамі і запытамі навучэнцаў.
Савет дырэктараў прадоўжыўся семінарам-нарадай. Кіраўнікі дэталёва разгледзелі магчымасці павышэння выніковасці ўдзелу ў мерапрыемствах мастацкага і культурна-дасугавага профіляў, ацанілі стан і перспектывы развіцця аб’яднанняў па інтарэсах турысцка-краязнаўчага і эколага-біялагічнага профіляў, тэхнічнай творчасці. Асаблівы акцэнт быў зроблены на бесперапыннае павышэнне кваліфікацыі і прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных кадраў.
Галоўны вынік двух мерапрыемстваў – выяўленне праблем і прыярытэтных задач дзейнасці на новы навучальны год. Быў вызначаны агульны алгарытм дзеянняў, які будзе спрыяць павышэнню выніковасці функцыянавання ўстаноў дадатковай адукацыі рэгіёну.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара