У нашай школе існуе добрая традыцыя напярэдадні Дня настаўніка віншаваць тых, хто сее ў дзецях разумнае, добрае, вечнае. Мы з цеплынёй і любоўю ўспамінаем усіх, хто працаваў доўгі час разам з намі, а цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Былых настаўнікаў не бывае. Калі ты настаўнік – гэта на ўсё жыццё.
Мне пашчасціла працаваць з выдатным чалавекам і сапраўдным настаўнікам, Аленай Іванаўнай Валадкевіч. У нашай школе яна была, не пабаюся гэтага слова, лепшым спецыялістам у галіне выкладання англійскай мовы.
Вучні Алены Іванаўны крок за крокам, спасцігаючы азы складанай граматыкі англійскай мовы, вучыліся зносінам на замежнай мове. Вывучаючы англійскую мову, дзеці вучыліся паважаць культуру іншага народа, не забываючы пра сваю. Алена Іванаўна, не гледзячы на асабісты час, часта заставалася з дзецьмі пасля ўрокаў і старалася як мага больш размаўляць з імі на англійскай мове. Я не раз прысутнічала на такіх занятках і бачыла, як дзецям было цікава. Алена Іванаўна ніколі нікога не спыняла на паўслове, выслухоўвала кожны пункт погляду і вельмі тактоўна выпраўляла памылкі. Усе свае веды яна імкнулася перадаць вучням і шчыра радавалася іх поспехам. Яе вучні не раз станавіліся пераможцамі алімпіяд рознага ўзроўню. Часта яе ўрокі ператвараліся ў сур’ёзныя выхаваўчыя мерапрыемствы.
Алена Іванаўна ніколі не прымушала дзяцей удзельнічаць у конкурсах, працоўных акцыях, яна ішла наперадзе, а вучні – за ёй. Дзеці прыходзілі да яе і дзяліліся сваёй горыччу і радасцямі, давяралі сакрэты. Настаўнік заўсёды трымала слова, захоўвала дзіцячыя таямніцы і прыходзіла на дапамогу тым, хто ў ёй меў патрэбу.
Яна ніколі не спынялася на дасягнутым, удасканальвалася, вывучала сучасныя падыходы ў выкладанні замежнай мовы, ішла ў нагу з часам.
Даволі працяглы час кіравала метадычным аб’яднаннем настаўнікаў замежнай мовы, вучыла маладых педагогаў знаходзіць падыход да вучняў, перадавала свой багаты вопыт і веды. Алена Іванаўна была і застаецца прыкладам сапраўднага настаўніка не толькі для сваіх вучняў, але і для ўсіх педагогаў нашай школы.
Яна заўсёды прыходзіла ў школу з добрым настроем, і, напэўна, таму ў яе ўсё атрымлівалася “на выдатна”.
Першы раз наведаўшы настаўніцу, мае вучні з захапленнем казалі: “Ад Алены Іванаўны зыходзіць такая энергія, у ёй столькі святла, цяпла і дабрыні, што з ёй хочацца сустракацца. Яна цікавы суразмоўца і вельмі актыўны чалавек”. Так, гэта праўда.
Сёння Алена Іванаўна вучыць англійскай мове сваіх унукаў, займаецца дачай, прыгожа вяжа, любіць глядзець спартыўныя перадачы, ведае ўсё пра тэніс і біятлон.
Пра гэту настаўніцу можна казаць шмат, таму што Алена Іванаўна – Настаўнік з вялікай літары. Сёння я і мой 9 “В” клас хочам павіншаваць Алену Іванаўну Валадкевіч з прафесійным святам. Хай Вам, Алена Іванаўна, заўсёды ўсміхаюцца неба і лёс, а душэўны спакой і ўтульнасць ніколі не пакінуць Ваш дом. Мы любім і цэнім Вас.
Антаніна МАНЧАК,
настаўнік англійскай мовы,
класны кіраўнік 9 “В” класа
сярэдняй школы № 5 Смаргоні