Кампанія А1, пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, у 2019/2020 навучальным годзе рэалізавала праект “Першыя”. У яго рамках праходзіў агульнарэспубліканскі конкурс ідэй для навучэнцаў 9–11 класаў. У фінале конкурса – навучэнка Крэўскага ясляў-сада – сярэдняй школы Кацярына Янголь.
Конкурс праводзіўся ў чатырох кірунках: тэхналогія, культура, інклюзія і экалогія. Яго ўдзельнікам неабходна было распрацаваць ідэю праекта ў адным з гэтых накірункаў і прадставіць яго ў выглядзе публічнага выступлення ў фармаце навуковых канферэнцый TED.
Нарэшце сталі вядомыя імёны фіналістаў праекта. Арганізатары конкурсу атрымалі больш за сотню ролікаў з арыгінальнымі ідэямі і цікавымі праектамі. Журы было вельмі складана зрабіць выбар. На жаль, месцаў у фінале ўсяго 10.
Навучэнка 11 класа Крэўскага ясляў-сада – сярэдняй школы Кацярына Янголь прыняла ўдзел у конкурсе з праектам “Танцы на Крыўлянцы” і прайшла ў фінал.
Галоўная ідэя праекта – раскрыць і зберагчы хараство прыроды малой радзімы, а таксама натхніць іншых на захаванне прыроды свайго краю.
– На першым этапе мы распавядаем мясцовым жыхарам пра важнасць клопату пра наваколле, шукаем аднадумцаў. Пасля ўсе разам выйдзем на ачыстку ракі ад смецця. А напрыканцы – зладзім танцы на Крыўлянцы! – паведаміла Кацярына.
19 верасня адбылася маштабная канферэнцыя TEDxYouth@Minsk, на якой Кацярына паспяхова выступіла перад шматлікай публікай. Было усё: апладысменты, падарункі, эмоцыі, хваляванні… Уперадзе – рэалізацыя праекта.
Віншуем Кацярыну Янголь з перамогай! Спадзяёмся, што ў хуткім часе мы зможам цікава адпачываць і ладзіць вольны час у родным куточку Крэўскай зямлі.
Таццяна ВАРЫЦКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Крэўскага ясляў-сада – сярэдняй школы
Смаргонскага раёна