Дзень самакіравання ў гімназіі Іўя

- 19:02ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Дзень самакіравання, які традыцыйна праходзіць напярэдадні Дня настаўніка, – незвычайная і доўгачаканая падзея для ўсіх вучняў гімназіі, асабліва для навучэнцаў 11-х класаў, якія ў гэты дзень бяруць на сябе ролю педагогаў.

Святочны настрой, добразычлівыя ўсмешкі і цёплыя словы, адрасаваныя любімым настаўнікам, напоўнілі раніцу 2 кастрычніка. Яшчэ на ўваходзе педагогаў сустракалі вучні з кветкамі і шчырымі віншаваннямі з нагоды Дня настаўніка. Празвінеў званок – і адзінаццацікласнікі накіраваліся ў класы на свае “працоўныя месцы”. А настаўнікаў чакаў яшчэ адзін сюрпрыз: яны сталі вучнямі 12 “А” класа. Для такіх асаблівых вучняў нават быў складзены спецыяльны расклад: руская мова, матэматыка, геаграфія, мастацтва.

Вельмі адказна падышлі дублёры да арганізацыі дня самакіравання: загадзя размяркоўвалі свае абавязкі, распрацоўвалі планы ўрокаў, разам з класамі, у якіх выконвалі абавязкі класнага кіраўніка, рыхтавалі святочныя паштоўкі і відэавіншаванні для настаўнікаў. На працягу ўсяго працоўнага дня “новыя” дырэктар і яго намеснікі пільна сачылі за парадкам у гімназіі. А закончыўся святочны дзень віншавальнай канцэртнай праграмай “Любімым настаўнікам прысвячаецца…”.

Падводзячы вынікі, вучні-дублёры адзначылі, што, дзякуючы дню самакіравання, яны змаглі адчуць, якая нялёгкая і адказная, але незвычайна цікавая праца настаўніка, для якой неабходны своеасаблівы талент і прызванне. А для кагосьці з будучых выпускнікоў, магчыма, гэты дзень стаў вызначальным у выбары прафесіі.

Свята настаўнікаў і дзень самакіравання надоўга запомніцца педагогам і вучням гімназіі як адзін з самых яркіх дзён нашага гімназічнага жыцця.

Вольга КАЛЕСНІКАВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
гімназіі № 1 Іўя

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий