Як вядома, роднае слова – першая крыніца, праз якую мы пазнаём свет. Шчаслівы той чалавек, хто на працягу свайго жыцця чуе роднае слова. Я не выключэнне.
Любоў да роднага слова зарадзілася яшчэ ў дзяцінстве. Усе ў хаце гаварылі на беларускай мове. Расла я сярод вясковага слова, простага, і ў той жа час такога мілагучнага і трапнага. Мне падабалася, калі за звычайнымі жыццёвымі клопатамі дарослыя спявалі. Напеўная мелодыя “Туман ярам” гучала “і ў будзень, і ў свята”. У школе і педагагічным вучылішчы таксама пашчасціла насалоджвацца прыгожай гаворкай настаўнікаў.
Прайшоў час. Я стала настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Цяпер ўжо я стараюся прывіваць любоў да роднага слова. Згодна са сцверджаннем А.Каўруса “Добрае, шчырае слова ўздымае настрой, надае сілы, дапамагае жыць”. Таму вельмі хачу, каб вучні чулі яго гучанне як мага часцей, не толькі на ўроках, але і ў пазаўрочны час.
Пачэснай традыцыяй у нашай школе лічыцца правядзенне тыдня беларускай мовы і літаратуры. Праходзіць ён заўсёды цікава. Аднак мне хочацца расказаць пра дзень роднай мовы, які праводзіцца вось ужо на працягу пяці гадоў кожны другі аўторак месяца. Колькі за гэты час складзена вершаў, створана квестаў, праведзена моўных кірмашоў!
Пачынаецца дзень з акцыі “Гаворым па-беларуску”. Усе стараюцца гаварыць толькі на беларускай мове. Праграма дня разнастайная, насычаная. На інфармацыйным стэндзе размешчаны пазнавальны матэрыял на пэўную тэму. Кожны клас атрымлівае заданне, якое неабходна выканаць. Мы кажам нашым вучням “У добры шлях, юныя аматары роднага слова!” – і праз хвіліну ля стэнда мітусня. Гэта навучэнцы пачатковых класаў – самыя актыўныя ўдзельнікі – спяшаюцца навыперадкі справіцца з заданнямі. Яны, як мурашы, разгадваюць рэбусы, загадкі, крыжаванкі. Да іх далучаюцца пяцікласнікі, шасцікласнікі. І ўжо не разабраць, хто тут.
Працоўны шумок пануе ў бібліятэцы. Вучні 7–8 класаў перакладаюць тэкст. Здаецца, лёгкая справа. Аднак гэта толькі здаецца. Для таго каб перакласці тэкст мастацкага стылю, дакладнага значэння слова падчас мала. Вось і звяртаюцца вучні за дапамогай да мудрых дарадцаў – слоўнікаў. Упэўнена: справяцца!
Завітаем у арганізатарскую. Тут сабралася групка дзевяцікласнікаў. Яны ствараюць флаеры. Фантазіі няма межаў! На першым флаеры сама Рагнеда запрашае гаварыць па-беларуску; на другім – жытнёвае поле “просіць” васількоў: “Пагаварыце са мной, калі ласка”; на трэцім – журавы дасылаюць людзям сваё “курлы, курлы”, што азначае “добры дзень”…
Спусцімся на другі паверх. Ля вакна стаіць Ангеліна Слінько. Іду ціха, бо ведаю: Ангеліна піша верш.
– Можа , патрэбна дапамога?
– Дзякуйце! Не патрэбна. Сама паспрабую…
Дадам, што спрабуе пісаць вершы Ангеліна даўно. Маміна заслуга: Кацярына Васільеўна таксама пісала, калі вучылася ў нашай школе.
…Кабінет дырэктара. На прыём да Вікенція Арсеньевіча Браніцкага – дзесяцікласнікі. Канечне! Калі яшчэ давядзецца пагаварыць з “капітанам карабля” на актуальныя пытанні. Так! Не могуць лепшыя школьныя карэспандэнты ўпусціць магчымасць удасканаліць свае журналісцкія запыты. Пажадаем ім ні пуха ні пяра!
Напрыканцы запрашаю ўсіх ў настаўніцкую. Тут таксама не абыходзіцца без эмоцый. Не мне вам расказваць, як артыстычна настаўнікі чытаюць вершы.
… Гучаць апладысменты. Калегі выходзяць усхваляваныя: закрануты “самыя тонкія струны душы”.
Пералістана толькі адна старонка жыцця сярэдняй школы № 2 гарадскога пасёлка Карэлічы. Новыя наперадзе!
Марына ГОРБАЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы