У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка прайшоў семінар-практыкум “Як выхаваць дзіця не караючы”.
У дзяцінстве мы не раз давалі сабе абяцанне не паўтараць памылак сваіх бацькоў, казалі сабе: “Я ніколі не буду так паступаць з уласным дзіцем!” Але калі з’яўляюцца дзеці, нам не дапамагаюць ні дадзеныя сабе абяцанні, ні стосы кніг па псіхалогіі і педагогіцы, ні парады сябровак і бабуль. Памылкі ў выхаванні прыводзяць да таго, што дзеці становяцца ўтойлівымі і некіравальнымі, дзіцячая агрэсія напальвае адносіны ў сям’і. Менавіта пра гэтыя праблемы ішла гаворка на семінары.
У мерапрыемстве прынялі актыўны ўдзел матулі. Удзельнікі семінара пазнаёміліся з псіхалагічнымі асаблівасцямі дзяцей дашкольнага ўзросту і з методыкамі, якія могуць выкарыстоўваць у выхаванні сваіх дзяцей. Шэраг практыкаванняў дазволіў бацькам адчуць сябе на месцы сваіх дзяцей, выпрабаваць тыя пачуцці, што адчувае дзіця у той ці іншай крытычнай сітуацыі.
У семінары выкарыстоўваліся практыкаванні: “Псіхалагічная загадка”, “Недзіцячыя забароны”, “Усемагутны кампетэнтны гігант”, “Што чуе дзіця, калі яго лаюць”, “Лопайся, бурбалка” і інш. Практыкаванні спрыялі таму, што большасць бацькоў задумаліся пра свае словы і дзеянні ў адносінах да сваіх дзяцей, адчулі ўвесь цяжар негатыўна кінутых фраз, пра якія нярэдка нават не задумваліся, кажучы іх дзецям.
Семінар-практыкум змяніў дарослае стаўленне да асаблівасцей дзіцячых паводзін, і мы спадзяемся, што выхаванне ў гэтых сем’ях будзе праходзіць у мірных і спрыяльных абставінах без крыкаў і пакаранняў.
Кацярына БУІНСКАЯ,
педагог сацыяльны
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Навагрудка