Кропка на планеце: вёска Навіцкія-2

- 14:03ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Малая радзіма вучняў Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна – вёсачка Навіцкія-2. Прыгожая і непаўторная, ціхмяная і загадкавая, як само жыццё.

Для незнаёмага вока толькі кропка на планеце… Але ў Год малой радзімы дзеці задумаліся над тым, што яны могуць зрабіць дляяе, роднай і адзінай, дзе прыемна пахне мядком,сырадоем, дзе чуюцца галасы бацькоў, дзядулі, бабулі. Школьнікі вырашылі, што ў першую чаргу неабходна вывучыць гісторыю роднага краю. А таму ў вольны час адправіліся ў паход па роднай старонцы.

Старажылы расказалі юным вандроўнікам, што вёска Навіцкія заснавана ў 1557 годзе і належыць да тыпу населеных пунктаў, якія ўтварыліся ад асабовага прозвішча Навіцкі, Новік, якое азначала кожнага пачаткоўца, прыхадня, “наважыла”. Такую мянушку, па словах мясцовых жыхароў, атрымаў прышлы чалавек, які прыбыў у паселішча з іншай мясцовасці. Гэта быў Мікіта Навіцкі, продкі якога пахаваны тут жа, на вясковых могілках. Амаль усе прадстаўнікі роду Навіцкіх належалі да польскай шляхты і мелі свой герб. У 1863 годзе праз вёску праходзілі паўстанцы пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Па гэтай прычыне цэнтральная вуліца ў вёсцы названа ў яго гонар.

Пасля размовы са старажыламі вучні накіраваліся ў былы маёнтак Курасёўшчызна. Сёння гэты куток – маленькая кропелька таго, што было сядзібай. Да сённяшняга часу захавалася кляновая алея і гаспадарчыя пабудовы.

Падчас паходу дзеці сфатаграфаваліся каля старадрэвіны-хвоі, якая расце на мясцовых могілках. Вёска Навіцкія-2, дзякуючы 300-гадовай хвоі, прыцягнула да сябе ўвагу не толькі карэспандэнтаў, але і акадэмікаў НАН, турыстаў, даследчыкаў загадкавых мясцін і цікавых аб’ектаў прыроды. На шчасце, за столькі гадоў хвою не знішчылі ні буры, ні ліхалецці вайны. У навіцкаўцаў існуе звычай: трэба дакрануцца да яе, каб жыць доўга і шчасліва.

Вучні спыніліся ў хвіліне маўчання каля абяліска на брацкай магіле чырвонаармейцаў і партызан, што загінулі ў першыя дні вайны на Лідскім аэрадроме і на тэрыторыі вёскі. Школьнікі таксама пабывалі на магіле воіна-партызана Мікалая Міхалёва. У час вайны Мікалаю ўдалося вырвацца з палону. Летнім вечарам ён пастукаўся ў дзверы адной з хат у вёсцы. Рызыкуючы, сям’я ўзяла яго да сябе, выдаўшы за наёмнага рабочага. Пра сябе чалавек расказаў няшмат: завуць Мікалай, мае двух дзяцей. Родам ці з Усходняй Беларусі, ці з Расіі. У вёсцы яго пачалі зваць “усходнікам”. Пазней ён выйшаў на сувязь з лідскімі партызанамі, выконваў іх даручэнні. Аднойчы па дарозе ў атрад у вёсцы Кянці ён стаў сведкам сваркі двух жыхароў. У гэты час міма праязджалі немцы. Нехта крыкнуў: “Партызаны!” – і фашысты адкрылі пальбу. Мікалай кінуўся ўцякаць да бліжэйшага ржанога поля, але куля дагнала яго. Сельская сям’я пахавала яго і да сённяшняга часу шукае яго родных.

Пасля хвіліны памяці падарожнікі прагуляліся па вясковай вуліцы, якая ў 1986 годзе назаўсёды стала другім домам для людзей, якія пацярпелі ад трагедыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Ужо ў жніўні 1986 года ў Навіцкіх для перасяленцаў з Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці пачалося будаўніцтва дзесяці домікаў.

Успомнілі юныя падарожнікіі трагедыю на Нямізе, якая адбылася 30 мая 1999 года. Сярод задушаных у даўцы людзей была наша зямлячка дваццацігадовая Ліляна Хітрун. Яна пахавана на могілках у Навіцкіх.

Падчас вандроўкі дзеці даведаліся, што ў Навіцкіх нарадзіўся міністр машынабудавання для жывёлагадоўліі кормавытворчасці СССР Леанід Хітрун. Пры жыцці ён часта прыязджаў на малую радзіму.

У канцы падарожжа дзеці наведалі яшчэ адну мясцовую славутасць – вадзяны млын, пабудаваны ў 1938 годзе з каменя і блокаў. На таблічцы захавалася імя ўладальніка – Міхаіл Арэхва. Існуе легенда, што за кожны рад мура людзі хадзілі ў царкву, чыталі малітву, ставілі свечкі, каб толькі млын служыў шмат гадоў.

Сёння вёска Навіцкія-2 складаецца са 160-ці двароў. Нягледзячы на тое, што ў гэтым населеным пункце няма ні магазіна, ні школы, ні ФАПа, ні адміністрацыйных будынкаў, вёска жыве. Прыязджаюць новыя людзі, будуюць дамы. Хаты не пустуюць. Усё гэта дзякуючы таму, што побач знаходзіцца аграгарадок Ёдкі. А праз некалькі кіламетраў – раённы цэнтр Ліда. У асноўным людзі працуюць у калгасе, вядуць дамашнюю гаспадарку.

Пасля паходу вучні склалі рэкламны праспект “Мая маленькая радзіма – вёска Навіцкія-2”, а таксама распрацавалі экскурсійны маршрут для гасцей у межах раённага праекта “Едзем у госці з прывітаннем шчырым”. Дзеці спадзяюцца, што іх маленькая вёска Навіцкія-2 стане прывабным месцам для турыстаў.

Таццяна МАРЦЭВІЧ,
кіраўнік школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі”
Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий