А ў нашым 1“В” класе сярэдняй школы № 5 Смаргоні вучыцца! Наша Сняжана Салавей – чэмпіён па футболе! І гэта зусім не жарт.
10 кастрычніка ў Мінску праходзіў фінальны этап футбольнага спаборніцтва “Тата, мама, я – футбольная сям’я”. І сям’я Салавей на чале з татам Канстанцінам Мікалаевічам, прафесійным ваенным, ужо не першы раз змагалася з самымі сур’ёзнымі сапернікамі з розных куткаў нашай краіны. Вынік – першае месца!
Праект Беларускай федэрацыі футбола “Тата, мама, я – футбольная сям’я” заваяваў адну з галоўных узнагарод УЕФА ў сферы масавага футбола, абышоўшы ў конкурсе 26 канкурэнтаў. Упершыню турнір прайшоў у 2016 годзе, тады ў ім удзельнічалі 56 сямей. Сёлета іх таксама было больш за пяцьдзясят.
Сёння першакласніца Сняжана прынесла ў клас чэмпіёнскі кубак. Хлопчыкі з недаверам пыталіся: “Ты гуляеш у футбол? Хто цябе навучыў?”
А дзяўчынка таямніча ўсміхнулася і адказала: “У маёй сям’і ў футбол гуляюць усе: тата, мама, Ліза, Карына, Аляксей, Мацвей і я!” У гэтай вялікай дружнай сям’і Сняжана самая малодшая. Пра іх дакладна можна сказаць: “Сем “Я”, сапраўдная футбольная сям’я!”
Таццяна МУСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы № 5 Смаргоні