У беларускія сем’і Дзень маці увайшоў у 1996 годзе. Вядома, гэта не чырвоны дзень у календары, але ўсе з радасцю рыхтуюцца да яго. Кожны хоча парадаваць сваю матулю ў гэты дзень чымсьці незвычайным, зрабіць нешта прыемнае, сказаць словы падзякі.
Падрыхтоўка да свята ў 2 “Б” класе сярэдняй школы № 3 Мастоў пачалася загадзя. У перадсвяточны тыдзень вучні класа актыўна ўдзельнічалі ў шэрагу мерапрыемстваў. На ўроку працоўнага навучання вырабілі прома-паштоўку “Для мамы з любоўю”, якую можна адправіць поштай ці проста падарыць маме. А на ўроку выяўленчага мастацтва намалявалі партрэты і арганізавалі выставу “Мамы – яны такія …”.
Асабліва крэатыўнай атрымалася калектыўная работа “Букет з далоняў для любімых мам”. Ідэя не новая, але ўсё ж вельмі цікавая і арыгінальная. Работа каштоўная яшчэ і тым, што, акрамя намагянняў дзяцей, у яе ўкладзена часцінка самога дзіцяці ў выглядзе далонькі, такой роднай і любімай. Цікавым і захапляльным стаў таксама ўдзел другакласнікаў у раённым відэапраекце “Маміна сэрца”.
Кім мы станем, якімі мы будзем – усё гэта закладзена ў нас стараннямі нашых мам. Іх працавітасць – нам прыклад, іх веды і ўменні – нашы арыенціры.
Таццяна НАВІЦКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы № 3 Мастоў