Выхаванне падрастаючага пакалення ў сучасным грамадстве – прадмет асаблівага клопату. Установа дашкольнай адукацыі і сям’я павінны знаходзіцца ў актыўным узаемадзеянні для стварэння адзінай прасторы, якая спрыяе ўсебаковаму развіццю дзіцяці.
Педагагічны калектыў нашага дзіцячага сада пастаянна імкнецца ўсталяваць партнёрскія адносіны з сям’ёй кожнага выхаванца, аб’яднаць намаганні для развіцця і выхавання дзяцей, стварыць атмасферу ўзаемаразумення, агульнасці інтарэсаў, эмацыянальнай узаемападтрымкі.
Змест працы з бацькамі рэалізуецца праз разнастайныя формы ўзаемадзеяння.
Самым прывабным для многіх з’яўляецца дасугавы кірунак у рабоце з бацькамі. Гэта тлумачыцца тым, што любое сумеснае мерапрыемства дазваляе бацькам убачыць сваё дзіця ў ролі артыста, чытальніка, удзельніка гульняў, пастановак, у ролі таварыша і сябра. А таксама набыць вопыт узаемадзеяння, як з дзецьмі, так і з бацькоўскай грамадскасцю.
Добрай традыцыяй стала штогадовае правядзенне ў кастрычніку серыі мерапрыемстваў, прысвечаных Дню маці. Сярод іх асаблівае месца займаюць святы. Сёлета традыцыі не сталі парушаць. У яркай святочнай праграме прынялі ўдзел выхаванцы сярэдняй групы № 1 разам са сваімі мамамі, выхавальнікам дашкольнай адукацыі Аленай Вольніч і музычным кіраўніком Марынай Канановіч. Мэтай гэтай сустрэчы было развіццё ўзаемаадносін дзяцей і бацькоў з дапамогай уключэння ў сумесную дзейнасць, узбагачэнне адносін праз эмацыянальныя зносіны. Нездарма ж прыказка кажа: “Дзіця расце не ад хлеба, а ад радасці”.
Мамы з задавальненнем паглядзелі святочныя музычныя нумары, пачулі вершы ў іх адрас і, вядома, паўдзельнічалі ў разнастайных гульнях. Бадай, толькі ў гэты дзень можна “зварыць радасць у кацялку”, здзейсніць вясёлую і незвычайную перадсвяточную прыборку, атрымаць мора пацалункаў, успомніць усіх знаёмых герояў казак і паспаборнічаць ва ўменні вынайсці самую доўгую бульбяную ачыстку. А ў завяршэнні свята зрабіць сумесна з дзецьмі “сэрца мамінай дабрыні”.
Такія яркія, карысныя і займальныя святы не толькі нясуць добры настрой і весялосць, але фарміруюць станоўчыя ўзаемаадносіны бацькоў СА сваімі дзецьмі, усталёўваюць эмацыйянальныя кантакты з педагогамі, што з’яўляецца вельмі важным у выхаванні дашкалят.
Марына КАНАНОВІЧ,
музычны кіраўнік ясляў-сада № 7 Ганцавіч