Тэатралізаваная дзейнасць аказвае значнае ўздзеянне на маўленчае развіццё дзіцяці, стымулюе актыўную гаворку дзякуючы павелічэнню слоўнікавага запасу, паляпшае артыкуляцыйнай апарат. Дзіця спасцігае прыгажосць роднай мовы, яевыразныя сродкі.
Выхавальнік Каменскага ясляў-сада Мазырскага раёна Алена Гвоздзь на сваім вопыце работы паказвае, што значную ролю ў фарміраванні гэтых працэсаў адыгрываюць забавы і святы з узнікненнем новых герояў, казачных персанажаў (пераапранутых дарослых людзей), з увядзеннем лялечнага тэатра.
Алена Мікалаеўна распрацавала і вырабіла аўтарскі дапаможнік “Казка побач”, настольны тэатр, у якім прадстаўлена не адна казка. Выхаванцы малодшай групы з вялікай цікавасцю прымаюць удзел у драматызацыі, складаюць свае казкі і абгульваюць ужо знаёмыя.
Ужываючы выразныя сродкі і разнастайныя інтанацыі, якія адпавядаюць характарам герояў і іх учынкаў, дзіця імкнецца выказвацца разборліва, каб яго ўсё зразумелі. У тэатралізаванай дзейнасці выпрацоўваецца дыялагічная, эмацыянальна насычаная гаворка. Дзеці лепш спасцігаюць змест твора, логіку і парадак падзей, іх фарміраванне і прычынную абумоўленасць. Тэатр садзейнічае засваенню кампанентаў маўленчых зносін: мімікі, жэсту, позы, інтанацыі, мадуляцыі голасу.
Нашым выхавальнікам таксама распрацаваны картатэкі тэатралізаваных гульняў, сцэнарыі“Казкі на новы лад”, памяткі і кансультацыі для бацькоў і педагогаў.
Зараз можна сказаць, што ў выніку такой дзейнасці дасягнуты вялікія поспехі ў развіцці камунікатыўных і маўленчых навыкаў дзяцей малодшага дашкольнага ўзросту.
Вера КАБЗАР,
загадчык Каменскага ясляў-сада
Мазырскага раёна