Вучні сярэдняй школы № 2 Слоніма з вялікім захапленнем праводзяць перапынкі на калідорах школы, гуляючы ў шахматы і шашкі.
У гэтым навучальным годзе ў школе было вырашана змайстраваць шахматныя сталы, каб зрабіць вольны час вучняў больш разнастайным. Гэту ініцыятыву падтрымаў новы настаўнік працоўнага навучання Андрэй Буйко. Да пачатку навучальнага года было зроблена пяць шахматных сталоў, якія расставілі на другім і трэцім паверхах школы.
Знакаміты савецкі педагог В.А.Сухамлінскі лічыў, што без шахмат нельга ўявіць паўнавартаснага выхавання разумовых здольнасцей і памяці. Нельга не пагадзіцца з гэтым выказваннем. Сапраўды, у дзяцей, якія займаюцца шахматамі ці шашкамі, выпрацоўваецца пачуццё субардынацыі, уменне размяркоўваць час, ставіць мэты і задачы, планаваць сваю дзейнасць. Кожны знаходзіць у шахматах для сябе нешта асаблівае і прыцягальнае, што дазваляе захапляцца ўсё больш і больш гэтай гульнёй. У выніку гэта спрыяе развіццю самастойнасці ў прыняцці рашэнняў, актыўнасці і шпаркасці рэакцыі. Шахматы і шашкі спрыяюць развіццю здольнасці да самарэгуляцыі паводзін і праяўленню валявых намаганняў для выканання пастаўленных задач. Усё гэта рысы, неабходныя вучням і падчас урокаў.
Шахматныя перапынкі з’яўляюцца толькі адным з відаў перапынкаў у школе, якія, вядома ж, чаргуюцца з рухомымі гульнямі.
Вольга БУЙКО,
настаўнік англійскай мовы
сярэдняй школы № 2 Слоніма