- БРЭСТЧЫНА, Рэгiёны

Сістэме адукацыі Ганцавіччыны – 80

 

Сучасная сістэма адукацыі Ганцавіччыны – гэта мабільная структура, якая дынамічна развіваецца і дзейнасць якой фарміруе інтэлектуальны патэнцыял краіны, выхоўвае ў юных грамадзян важныя маральныя якасці. Доўгі шлях да юбілею напоўнены шматлікімі дасягненнямі, цікавымі адкрыццямі, новымі педагагічнымі практыкамі, прафесійнымі традыцыямі і інавацыямі.

Юбілейная дата стала цудоўнай нагодай выказаць словы ўдзячнасці педагогам за іх прафесіяналізм і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Напярэдадні ўрачыстага мерапрыемства ва ўстановах адукацыі раёна была праведзена значная даследчая работа, якая завяршылася інтэрактыўнай выставай “Тваё гордае імя – Настаўнік”, якая сабрала фота- і відэаматэрыялы пра ветэранаў педагагічнай працы. Кожная работа – гэта цікавы жыццёвы і прафесійны шлях, унікальная гісторыя, занатаваная для нашчадкаў.

Глыбокай павагай да педагагічнай прафесіі былі напоўнены класныя гадзіны “Настаўнік – прафесія на ўсе часы”, праведзеныя ў 8–11 класах школ. На іх вучні ўспаміналі гісторыю сістэмы адукацыі рэгіёна, выдатных педагогаў, якія ўнеслі важкі ўклад у яе развіццё, адкрылі для сябе новыя грані настаўніцкай працы, паразважалі пра яе значнасць.

Кульмінацыяй святочных падзей стала ўрачыстае мерапрыемства ў гарадскім Доме культуры, дзе прагучала шмат добрых слоў і пажаданняў у адрас педагогаў, уганараваны лепшыя з іх.Вучні Ганцавіччыны падрыхтавалі творчыя відэавіншаванні і вакальна-харэаграфічныя нумары. Завяршылася мерапрыемства канцэртнай праграмай ансамбля музыкі, танца і песні “Рэй” БДПУ імя Максіма Танка.

Педагогі Ганцавіччыны не спыняюцца на дасягнутым. Наперадзе – новыя вяршыні, да якіх яны пойдуць разам з выхаванцамі, дапамагаючы ім сабраць багаж перад вялікай дарогай – дарослым жыццём.

Аксана РЫЛКА,
галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі
Ганцавіцкага райвыканкама

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий