Цікавыя справы дзіцячага клуба “Спадчына”

- 18:20ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Выхоўваць у падрастаючага пакалення пачуццё патрыятызму і любові да роднай зямлі дапамагае дзіцячы клуб “Спадчына”, які быў створаны ў Красненскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Карэліцкага раёна ў рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта па фарміраванні грамадзянскай ідэнтычнасці.

Клуб “Спадчына” працуе на базе школьнага народнага музея іаб’ядноўвае не толькі дзяцей, якія вывучаюць мінулае роднага краю, але і ўсіх, хто любіць гісторыю і свой край. Выкарыстоўваючы краязнаўчы фонд школьнага народнага музея, клуб “Спадчына” спрыяе развіццю пазнавальных і творчых інтарэсаў дзяцей, а таксама выхоўвае любоў да роднага краю, да культурных традыцый сваёй мясцовасці.

Мы пастаянна памятаем пра тое, што веды лепш за ўсё засвойваюцца ў выніку пошуку, распрацоўкі праектаў. Сродкамі праектнай тэхналогіі ў клубе мы вывучаем наш Запольскі край, тую тэрыторыю, на якой знаходзіцца школа.

У дзіцячым клубе выкарыстоўваюцца розныя формы і метады работы ў залежнасці ад узросту і падрыхтаванасці вучняў. Гэта могуць быць інсцэніроўкі, экскурсіі, разлічаныя на ўсіх удзельнікаў клуба, пазнавальныя гульні, індывідуальныя кансультацыі, самастойная работа з кнігай і інтэрнетам, даследаванне, праектная дзейнасць. Юныя экскурсаводы праводзяць экскурсіі для гасцей нашай установы адукацыі.

Неад’емнай часткай работы клуба з’яўляецца рэалізацыя праектаў, падрыхтоўка каляндарна-абрадавых інсцэніровак.Члены клуба арганізуюць фальклорныя пастаноўкі “Каляды”, “Вячоркі”, прадстаўленні традыцыйнага беларускага лялечнага тэатра “Батлейка”, тэатралізаваныя паказы “Гуканне вясны”, “Масленічныя гулянні”. Была падрыхтавана і праведзена серыя экскурсій з уключэннем тэатралізаваных абрадаў для навучэнцаў устаноў адукацыі не толькі Карэліцкага, але і Навагрудскага раёна.

Традыцыйным стала правядзенне восеннюна базе школьнага музея фестывалю народнай кухні “Беларускі кірмаш”, дзе трэба не толькі прыгатаваць стравы мясцовай кухні, але і знайсці аўтэнтычныя, а таксама творча прадставіць іх гісторыю, рэцэпт і працэс падрыхтоўкі.

Адным з запамінальных мерапрыемстваў стала правядзенне тыдня нацыянальнай культуры. Яго праграма была складзена сумесна з супрацоўнікамі Красненскага сельскага Дома культуры. Узельнікі клуба “Спадчына” прадставілі ўвазе прысутных фрагмент п’есы “Паўлінка” Янкі Купалы. Працаўнікі Дома культуры правялі майстар-клас па навучанні беларускім народным танцам.

На базе “Спадчыны” рэалізуецца праект “Забытымі сцяжынкамі Карэліччыны”, які прадугледжвае распрацоўку турыстычных маршрутаў, экскурсій па малавывучаных месцах нашага раёна. Праект ужо стартаваў: па распрацаваных маршрутах былі праведзены экскурсіі для навучэнцаў устаноў адукацыі раёна.

Такім чынам, работа ў музеі дае ўнікальную магчымасць падрастаючаму пакаленню вывучаць родны край не толькі шляхам назірання, але і праз актыўны ўдзел угісторыка-краязнаўчай рабоце.

Мы лічым, што наш рух у гэтым кірунку дасць станоўчыя вынікі: пасадзейнічае ў развіцці турызму ў раёне, створыць інфармацыйны рэсурс для экскурсій, зробіць даступным для шырокага кола людзей краязнаўчы, гісторыка-культурны матэрыял, назапашаны краязнаўцамі, настаўнікамі і проста людзьмі, захопленымі гісторыяй свайго краю.

Марыя МАРОЗ,
кіраўнік музея
Красненскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Карэліцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий