Сыраваткінскія вучні ў цэнтры бяспекі

- 16:29ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

У Лідзе ёсць цікавае месца – цэнтр бяспекі МНС, які створаны з мэтай навучання школьнікаў навыкам правільных паводзін падчас надзвычайных сітуацый.

Мы не застрахаваныя ад трагедый, розных з’яў прыроднага характару, і кожны павінен ведаць, як абараніць сябе і дапамагчы тым, хто трапіў у складаную сітуацыю. Каб паменшыць наступствы катастроф або стыхійных бедстваў, неабходна мець навыкі дзеянняў у падобных сітуацыях. Менавіта гэтаму вучаць у цэнтры бяспекі.

Нядаўна вучні Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы наведалі цэнтр ужо ў чацвёрты раз. Яго супрацоўніца Людміла Касая ў інтэрактыўнай форме правяла з навучэнцамі пазнавальны занятак. Літаральна пераступіўшы парог цэнтра бяспекі, мы віртуальна апынуліся ў асяроддзі, якое імітуе надзвычайныя сітуацыі (лес, кар’ер, дарога з люкамі, пешаходы і машыны). Дзецям яшчэ раз нагадалі правілы паводзін у грамадскім транспарце і на вуліцы, правілы пасадкі і высадкі з аўтобуса ці тралейбуса. З манекенам навучэнцы змаглі адпрацаваць навыкі аказання першай дапамогі пры трапленні рэшткаў ежы ў дыхальныя шляхі. А патрапіўшы ў “лясны пакой”, хлопчыкі і дзяўчынкі прагледзелі павучальны мультфільм пра тое, што трэба рабіць, калі вы заблукалі ў лесе, праслухалі інфармацыю пра правілы паводзін у час навальніцы, разважалі пра тое, якія прадметы спатрэбіліся б ім у лесе і чаму.

Цікавай была сітуацыя, калі ў спецыяльна абсталяваным пакоі дзеці адпрацоўвалі алгарытм выкліку службы выратавання па тэлефоне. На кабінках прадстаўлена пэўная сітуацыя (гарыць дом, чалавек праваліўся пад лёд, у кватэры пажар, аварыя на дарозе,). Пра гэту сітуацыю дзецям неабходна паведаміць дыспетчару, набраўшы нумар тэлефона 101 або 112. Праграма ў тэлефоне адказвае на званок, прымае атрыманую інфармацыю, пры неабходнасці можна праслухаць запіс размовы і прааналізаваць правільнасць дзеянняў.

Пры праглядзе чарговага відэароліка навучэнцы пазнаёміліся з правіламі паводзінаў у кватэры, даведаліся, як сябе паводзіць і што неабходна паэтапна рабіць, калі раптам здарыцца пажар у жылым памяшканні.

Вялікае ўражанне зрабіў яшчэ адзін этап навучальнага курсу – пакой задымлення. Тут размешчаны страбаскопы для імітацыі гарэння, генератары дыму, чутны крыкі і гарэнне. Складваецца ўражанне, што ты сапраўды апынуўся ў складанай сітуацыі. Дзеці павінны былі зарыентавацца і знайсці выхад з “палаючага” памяшкання.

Завяршыўся занятак праверкай атрыманых ведаў на электронных планшэтах у тэставым рэжыме пад наглядам работніка МНС. Хлопчыкі і дзяўчынкі яшчэ раз змаглі ўспомніць і паўтарыць правілы бяспечных паводзін у розных экстрэмальных сітуацыях і рашылі тэсты без памылак.

Людміла РАМАНОЎСКАЯ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
Сыраваткінскага ясляў-сада – базавай школы
Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий