Візітнай карткай Лідскай зямлі на працягу сямі стагоддзяў з’яўляецца сярэдневечны замак – выдатны помнік абарончага дойлідства XIV стагоддзя, які ўваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Менавіта тут пабывалі нядаўна вучні 8 “Б” класса сярэдняй школы № 11 Ліды.
Кожны вучань быў упэўнены, што зноў прыадкрые для сябе завесу гісторыі, даведаецца пра цікавыя факты і падзеі, якія адбываліся каля сцен і вежаў замка.
Па загадзе князя Гедыміна будаўніцтва замка пачалося ў 1323 годзе. Узведзены з камення і цэглы ў форме няправільнага чатырохвугольніка з дзвюма вуглавымі вежамі, ён уваходзіў у лінію абароны супраць крыжакоў Наваградак – Крэва – Меднікі – Трокі. Пабудаваны сярод балоцістых берагоў рэк Лідзеі і Каменкі, Лідскі замак стаў надзейным сховішчам для князёў і іх палітычных саюзнікаў.
Вучні не проста даведаліся пра гэтыя і іншыя цікавыя факты падчас экскурсіі, а, як ім здалося, нават сталі ўдзельнікамі і сведкамі падзей мінулых часоў. Падымаючыся ўпершыню па лесвіцах вежы Гедыміна, якая была адкрыта для турыстаў у гэтым годзе, вучні наведалі выставачныя залы, дзе размешчаны сярэднявечная зброя, рыцарскія даспехі, паляўнічыя трафеі, аўтэнтычныя рэчы, знойдзеныя падчас раскопак на замкавай тэрыторыі. А апынуўшыся ў пакоях князя Гедыміна, дзеці на імгненне адчулі, што вось-вось з’явіцца сам князь і прывітае іх.
Пасля знаёмства з Паўднёвай вежай школьнікі апынуліся на галерэях і ўжо тут змаглі ўявіць сябе сярэднявечнымі рыцарамі, якія абараняюць Лідскі замак ад ворагаў.
Паўночная вежа, якая была ўзведзена ў часы кіравання ўнука Гедыміна князя Вітаўта, так і называецца – вежа Вітаўта. Знаёмячыся з яе экспазіцыямі, вучні наведалі выставачную залу, дзе прадстаўленыя рыцарскія шлемы розных часоў і краін. На другім з паверхаў школьнікі не толькі змаглі папрысутнічаць на самым вядомым вяселлі, якое цягнулася амаль на працягу месяца ў сценах Лідскага замка, – вяселлі караля Рэчы Паспалітай Ягайлы і юнай князёўны Соф’і Гальшанскай – а нават увасобіцца ў іх вобразы.
Незвычайнай і запамінальнай для вучняў стала часова размешчаная на першым паверсе вежы Вітаўта выстава “Паляванне на ведзьмаў” вядомага прыватнага калекцыянера Сяргея Нурматава. На ёй прадстаўленыя розныя прыстасаванні для самых страшных катаванняў над людзьмі ў розныя часы і ў розных краінах свету.
Безумоўна, маўклівы сведка гістарычных падзей і захавальнік таямніц – Лідскі замак – сёння выклікае ў школьнікаў інтарэс сваёй самабытнасцю і прагажосцю. Як адзначылі мае вучні, падчас удзелу ў гістарычнай вандроўцы яны змаглі ўласна дакрануцца да гісторыі самага значнага аб’екта культурнай сталіцы Беларусі 2020 года і раяць усім з ім пазнаёміцца.
Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 8 “Б” класса
сярэдняй школы № 11 Ліды