Асеннія пагодныя дзянькі падказваюць выхавальнікам формы работы з дзецьмі. У межах рэалізацыі задач па экалагічным выхаванні ў Вялікабераставіцкім дзіцячым садзе прайшоў адзіны тэматычны дзень “Асенні калейдаскоп”.
Кожны выхавальнік па-свойму падрыхтаваўся да яго і запланаваў ўласныя мерапрыемствы. Ва ўсіх групах дзень пачаўся з прагулкі. Насычаная і цікава арганізаваная, яна спрыяе развіццю пазнавальных інтарэсаў дзяцей, дапамагае вырашэнню адукацыйных і выхаваўчых задач. І запамінаецца дзецям, якія яшчэ доўга дзеляцца сваімі ўражаннямі і набытымі ведамі.
Малыя з першых малодшых груп назіралі, як дрэвы змянілі свае ўборы на жоўтыя сукенкі, збіралі рознакаляровае лісце, выкладвалі з яго ўзоры і складалі асеннія букеты. Выхавальнікі другіх малодшых груп удзельнічалі ў восеньскім кросе, вадзілі карагоды і спявалі песні пра восень. Адзначалі змены ў прыродзе наведвальнікі сярэдніх груп: як выраслі кветкі і паспела насенне, якія работы праводзяць людзі восенню, як рыхтуецца прырода да зімы. Дзеці са старэйшых груп прынялі ўдзел ва ўборцы тэрыторыі, зборы ўраджаю агародніны і насення кветак.
Вярнуўшыся ў дзіцячы сад, свае ўражанні і эмоцыі рабяты змаглі ўвасобіць у творчых работах. У групах з’явіліся восеньскія букеты: у адных – з прыроднага матэрыялу, у другіх – з пластыліну і фарбаў. Свае работы дзеці абавязкова пакажуць бацькам і раскажуць пра набытыя веды і ўражанні.
Работа па экалагічным выхаванні, зразумела, не абмежавалася прагулкамі і выкананнем творчых заданняў. Лагічным працягам дзейнасці сталі экалагічныя гульні, арганізаваныя выхавальнікамі, накіраваныя на захаванне прыродных багаццяў і ахову навакольнага асяроддзя. Хлопчыкі і дзяўчынкі знаёміліся з правіламі паводзін на вуліцы, вучыліся сартаваць смецце, знаёміліся з рознымі відамі хатніх кветак і даведаліся, як за імі даглядаць. Адказы і ідэі дзяцей натхнілі выхавальнікаў на стварэнне ўласных гульняў і дапаможнікаў на экалагічную тэматыку.
Вольга БЕЛЯНЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Вялікабераставіцкага ясляў-сада