У Чарнэльскім дзіцячым садзе – базавай школе Іўеўскага раёна прайшоў тыдзень нямецкай мовы.
Вучні 4–5 класаў прынялі ўдзел у пазнавальнай гульні “Мы ведаем нямецкую”, на якой, разгадваючы цікавыя красворды, рэбусы і загадкі, развівалі памяць, увагу, актуалізавалі свой лексічны запас. Перамагла каманда “Сонейкі”.
Шасцікласнікі з задавальненнем адправіліся ў гульню-падарожжа “Гарады Германіі”. Тут дзеці дазналіся шмат новага і цікавага, пазнаёміліся з цікавымі мясцінамі і вядомымі людзьмі краіны. На кожным прыпынку гульні ўдзельнікаў чакалі разнастайныя заданні. За правільныя адказы яны атрымлівалі зорачкі. Найбольш актыўнымі аказаліся Дзмітрый Дварэцкі, Дар’я Булка і Мікіта Базык.
Захапляючай і пазнавальнай аказаліся і віктарына “Германія”, і віртуальная экскурсія “Героі нашай мясцовасці”, якую падрыхтавала вучаніца 8-га класа Віялета Грыгор’ева.
Сярод вучняў пачатковых класаў прайшоў конкурс на лепшага чытача. Пераможцам стаў вучань 4-га класа Ігнат Контар.
Цудоўная гульнёвая атмасфера акружала пяцікласнікаў у час работы над праектам “Плануем свае летнія канікулы”. Дзеці з задавальненнем малявалі, выразалі, клеілі, а затым з захапленнем расказвалі пра свае жаданні і планы на будучае лета.
Так, у цікавай форме вучні актуалізавалі свае веды, папаўнялі лексічны запас, развівалі фантазію і інтэлект, што нават і не заўважылі, як даведаліся шмат новага і цікавага.
Падвядзенне вынікаў тыдня, узнагароджанне пераможцаў адбылося на агульнашкольнай лінейцы, на якой самыя актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў, а таксама каманды-пераможцы атрымалі граматы і прызы.
Наталля НЕЧПАЙ,
настаўнік нямецкай мовы
Чарнэльскага дзіцячага сада – базавай школы
Іўеўскага раёна