Беларускамоўныя хвілінкі

- 16:29ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Каб раскрыць для выхаванцаў прыгажосць роднай мовы, трэба пачаць з сябе. Таму ў яслях-садзе № 16 Слоніма вырашылі праводзіць “Беларускамоўныя хвілінкі” для дарослых.

Недастатковы слоўнікавы запас, няўпэўненасць у правільнасці ўжывання слоў, у кожнай фразе адчуваецца ўплыў рускай мовы – усё гэта характэрна для большай колькасці педагогаў дашкольнай адукацыі, асабліва ў сітуацыі, калі неабходна мець зносіны толькі на беларускай мове. Сутыкнуўшыся з гэтым аднойчы, мы вырашылі змяніць сітуацыю.

Кожны тыдзень у нашай дашкольнай установе праводзяцца “Беларускамоўныя хвілінкі” для дарослых. Літаральна на 15–20 хвілін усе педагагічныя работнікі акунаюцца ў зачараваны, мілагучны свет беларускай мовы. Мы чытаем вершы на роднай мове, пішам кароценькія сачыненні пра сваю прафесію, пра радзіму, пра маму, пра дзяцей, перакладаем невялікія літаратурныя творы і потым ацэньваем свае пераклады, параўноўваючы іх з арыгіналам, гуляем у маўленчыя гульні, разгадваем крыжаванкі, складаем рыфмаваныя творы. Зусім нядаўна мы здзейснілі віртуальнае падарожжа па Беларусі, у ходзе якога педагогі не толькі дзяліліся цікавымі фактамі пра розныя гарады, але і зрабілі невялікія фотапрэзентацыі. А крыху раней была экскурсія ў Белавежскую пушчу, каб расказаць пра яе сем цудаў. І ўсё гэта на беларускай мове.

Наперадзе яшчэ шмат планаў. Будзем і далей “падарожнічаць” па Беларусі, не ва ўсіх гарадах яшчэ “пабывалі”, рыхтуемся правесці вялікую віктарыну “Знаўцы роднай мовы”, плануем зладзіць конкурс чытальнікаў. Дарэчы, ідэі, як правесці “Беларускамоўную хвілінку”, зыходзяць ад усіх педагогаў, таму формы яе правядзення самыя разнастайныя. Галоўнае – нам гэта падабаецца, мы сталі свабодна размаўляць на роднай мове і ўпэўнена адчуваць сябе ў зносінах, больш звяртацца да беларускай народнай культуры, літаратуры, мастацтва, успрымаць прыгажосць роднай мовы і дзяліцца гэтымі набыткамі з нашымі выхаванцамі і іх бацькамі.

Ірына БАЛЬ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада № 16 Слоніма

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий