“Дыяменты даўніны” — такая назва краязнаўчага музея Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна. Ён сапраўды незвычайны, бо ў экспазіцыях прадстаўлены артэфакты і рарытэты, знойдзеныя ў нашай мясцовасці. Гэта не толькі каменныя прылады працы старажытнага чалавека, а і рог шарсцістага насарога, жалезны наканечнік кап’я, клад манет і шмат іншых музейных прадметаў. А гэтымі днямі мы прымаем віншаванні з нагоды важнай падзеі – пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь нашаму краязнаўчаму музею прысвоены статус народнага. Гэта вельмі ганарова і адказна.
Дзе ж яшчэ вы ўбачыце здымкі школы, якія падарожнічалі ў неабсяжных касмічных далях на міжнароднай касмічнай станцыі? Вас зацікавіць паходная іконка “Бог з анёлам” удзельніка паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. І гэты пералік можна працягваць далей і здзіўляць нашых наведвальнікаў. А іх шмат пабывала ў музеі, і не толькі са Слонімшчыны, розных куточкаў Беларусі, але і з замежных краін. Мы сустракалі зацікаўленых людзей з Сербіі і Літвы, з Латвіі і Польшчы, з Украіны і Расіі.
Напрыклад, да нас прыязджала сям’я Мялешка з Санкт-Пецярбургу, якія шукалі карані сваіх продкаў. Летам 2020 года ў музеі пабывалі госці з далёкай Канады, а таксама сям’я са Швецыі, якая жыве за Палярным кругам. Мы сустракалі байкераў і веласіпедыстаў, вядомых баскетбалістаў, тэлевядучых, знакамітых навукоўцаў. Дарэчы, наша мясцовасць – гэта “радавое гняздо” магнацкага роду Мялешка і графскага роду Слізняў. Знакавай падзеяй у гісторыі музея быў прыезд па нашым запрашэнні ў верасні 2018 года графа Альфрэда Слізня і яго сям’і з Польшчы.
Мы запрашаем усіх жадаючых пабываць на экскурсіях у музеі, прайсці па турыстычных маршрутах, даведацца пра гісторыю нашай малой радзімы.
Таццяна РАКУЦЬ,
кіраўнік народнага комплекснага краязнаўчага музея”Дыяменты даўніны”
Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы
Слонімскага раёна