Весела і цікава правялі восеньскія канікулы навучэнцы сярэдняй школы № 5 Навагрудка ў аздараўленчым лагеры “Лістападзік”.
Кожны дзень рознакаляровы лістапад падзей, мерапрыемстваў абсыпаў выхаванцаў лагера. Жоўты лісток першага дня пазнаёміў і пасябраваў усіх навучэнцаў. У другі “Дзень без небяспекі” лагернай змены дзеці ўзгадалі правілы дарожнага руху, удзельнічалі ў творчых мініяцюрах “Як сябе паводзіць пры незвычайных сітуацыях”, праводзілі спаборніцтвы “Цішэй едзеш – далей будзеш”.
Незвычайна прайшло свята ўраджаю. Юныя агароднікі дружна сабралі апошні ўраджай восені, разгадалі загадкі, а потым сталі ўдзельнікамі квест-гульні “Аднойчы ў краме”. Напрыканцы гульні навучэнцы падарылі адзін аднаму букет з лісця.
А яшчэ ўсім выхаванцам прыйшліся даспадобы хвілінкі творчасці ў арт-студыі “Фарбы восені” і танцавальным батле.
Маляўнічы “Лістападзік” падарыў і педагогам, і дзецям асаблівы восеньскі настрой і, безумоўна, запоўніцца надоўга.
Ала НОРЫК,
дырэктар аздараўленчага лагера “Лістападзік”
сярэдняй школы № 5 Навагрудка