На восеньскіх канікулах навучэнцы школьнага лагера “Спадарожнік” сярэдняй школы № 45 Магілёва пабывалі ў этнаграфічнай беларускай вёсцы.
Гэта музей пад адкрытым небам, дзе ўсё пабудавана па матывах беларускага сялянскага побыту XIX стагоддзя і прасякнута абрадавымі традыцыямі і народнымі элементамі той далёкай пары.
У хлапчукоў і дзяўчат быў непадробны інтарэс да ўсяго, што яны ўбачылі. Прылады працы і прадметы побыту вясковага ўкладу продкаў – для сённяшніх школьнікаў рэчы сапраўды дзіўныя, а пабачыць іх ужывую, дакрануцца рукамі можна зараз хіба толькі ў музеі.
Уразілі дзяцей сваёй непаўторнасцю і вобразнасцю домікі ганчара і каваля, бярвеністыя сялянскія хаты, вокны з разнымі аканіцамі, платы з драўлянага частаколу, крамы і рамесныя майстэрні, карчма, якую вучні таксама наведалі.
Этнавёска – дзіўны музей. Але калі тут разгортваюцца этна-фэсты, народныя гулянні і кірмашы, беларуская вёска XIX стагоддзя нібы ажывае.
Мы, экскурсанты, не проста наведалі гэтае месца, каб пазнаёміцца з бытам і жыццём вяскоўцаў мінулага, а яшчэ зрабілі карысную справу – на дрэвы павесілі кармушкі з прысмакамі для птушак.
Ала ЯЦКЕВІЧ
настаўнік сярэдняй школы № 45 Магілёва