Азнаямленне з найважнейшымі дзяржаўнымі сімваламі традыцыйна ўваходзіць у змест патрыятычнага выхавання дзяцей ясляў-сада № 3 Мастоў.
У адпаведнасці з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі знаёмства з дзяржаўнымі сімваламі нашай рэспублікі (сцяг, герб, гімн) пачынаецца ў сярэдняй групе. Выхаванцаў старэйшага дашкольнага ўзросту знаёмім з прыроднымі сімваламі Беларусі (зубр, бусел, кветка васілька, лён, канюшына). Фарміруючы ўяўленні пра дзяржаўныя сімвалы, педагогі падводзяць выхаванцаў да разумення таго, што ва ўсіх элементах сімволікі закладзены найглыбейшы сэнс: яны адлюстроўваюць гісторыю паходжання дзяржавы, нацыянальныя традыцыі, асаблівасці гаспадаркі і прыроды.
Падбіраючы метады і прыёмы патрыятычнага выхавання, важна ўлічваць асаблівасці дзяцей дашкольнага ўзросту: эмацыянальная спагадлівасць і цікавасць да ўсяго навакольнага, перавага наглядна-вобразнага мыслення, бязмежны давер дарослым.
У нашай установе азнаямленне выхаванцаў з дзяржаўнымі сімваламі Беларусі ажыццяўляецца на тэматычных занятках, мэтавых прагулках і экскурсіях па родным горадзе, пры разглядванні ілюстрацый, правядзенні гутарак, дыдактычных і сюжэтна-ролевых гульняў, забаўляльных мерапрыемстваў, падчас чытання мастацкай літаратуры, выкарыстання выяўленчай дзейнасці.
Рэалізаваць гэтую задачу таксама дапамагае размешчаная ў фае ўстановы фотазона. Для яе стварэння педагогі выкарысталі як дзяржаўную сімволіку (сцяг і герб), так і нацыянальныя сімвалы Беларусі (лён, буслы, кветкі васілька, каласы жыта, пшаніцы). Усе жадаючыя могуць не толькі зрабіць яркія незабыўныя фатаграфіі, але ў чарговы раз адчуць сябе прыналежнымі да роднай краіны.
Толькі дзякуючы цэламу комплексу ўздзеянняў, выкарыстанню разнастайных сродкаў навучання і выхавання можна разлічваць на поспех працы з дзецьмі ў фарміраванні ў іх асэнсаванага, паважлівага стаўлення да сімвалаў нашай дзяржавы.
Ала ГАЛАВАЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада № 3 Мастоў