У Гомельскім прафесійна-тэхнічным каледжы бытавога абслугоўвання ў рамках эксперыментальнага праекта па інтэграцыі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі адбылося шоу-дэфіле “Складаныя вячэрнія прычоскі на аснове стандартаў WorldSkills і вопыту стылістаў міжнароднага класа”.
Падчас шоу мадэлі прадэманстравалі сучасныя вячэрнія прычоскі, выкананыя сённяшнімі навучэнцамі каледжа – будучымі мастакамі-мадэльерамі. Зараз яны засвойваюць цырульніцкае майстэрства на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Дэманстраваліся на мерапрыемстве і тэхнічна надзвычай складаныя конкурсныя прычоскі, створаныя Юліяй Іванчыкавай – неаднаразовым прызёрам чэмпіянатаў па прафесійным майстэрстве, экспертам па спецыяльнасці “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”.
Галоўнымі гледачамі шоу-дэфіле былі першакурснікі, якія прыйшлі ў каледж засвойваць спецыяльнасць “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”. Яны назіралі за тым, як далёка можна пайсці ў прафесіі, калі мець жаданне і пастаянна развіваць сваё майстэрства. Навучэнцам першага курса на практыцы прадэманстравалі перспектывы асобаснага і прафесійнага росту, якія дае ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Убачыўшы вынікі практычнай падрыхтоўкі на другой ступені навучання, многія, несумненна, будуць разглядаць магчымасць атрымаць у каледжы больш высокую кваліфікацыю.
Акрамя таго, большасць навучэнцаў узроўню прафесійна-тэхнічнай адукацыі ўпершыню ўжывую ўбачылі работы па тэматычным макіяжы і грыме, дэкаратыўныя вырабы з натуральных і штучных валасоў, аўтарскія работы па стылізацыі вобразаў.
Варта сказаць, што шоу-дэфіле прайшло ў адпаведнасці з цяперашнімі санітарнымі нормамі (захаванне масачнага рэжыму, дыстанцыяванне і г.д.), аднак гэта не зрабіла мерапрыемства менш яскравым і прыгожым. Выканана і галоўная задача – паказаць навучэнцам бязмежныя магчымасці ўдасканалення ў прафесіі, неабходнасць быць спецыялістам высокага класа ў сучасным свеце.
Вольга РАМАШКА,
метадыст Гомельскага дзяржаўнага
прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання