Будзь багаты, як восень!

- 17:55МИНСК, Регионы

 

Далучэнне вучняў да традыцый беларускай культуры з дапамогай народных гульняў і абрадаў – адзін з самых эфектыўных шляхоў грамадзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.

Народны каляндар багаты на святы, звязаныя не толькі з рэлігійнымі ўяўленнямі нашых продкаў, але і з ушанаваннем прыроды, падзякай зямлі-карміцелькі. Пачатковыя класы 21-й сталічнай сярэдняй школы з адказнасцю падыходзяць да тэатралізацыі беларускіх абрадаў, паколькі бачаць у гэтым неабходнасць вывучэння культурнай спадчыны і захавання вопыту пакаленняў.

Так, у шосты школьны дзень у школе ладзілі Багач – восеньскае свята, якое азначае завяршэнне палявых работ і ў рознай мясцовасці адзначаецца ў свой час. Назва свята падкрэслівае багацце, дастатак і сялянскі дабрабыт, які сімвалізуецца вялікім караваем, што пяклі з зерня новага ўраджаю. У лубок свежанамалочанага жыта ўстаўлялі запаленую свечку і ўрачыста абыходзілі гаспадаркі, каб засцерагчы іх ад нягод.

Вучні 1–4 класаў разам з Гаспадыняй (Ірынай Віктараўнай Велічкевіч) актыўна заклікалі гасцей да восеньскага карагоду. Пад кіраўніцтвам Тэрэсы Іосіфаўны Лагуноўскай 1 “А” арганізаваў міні-спектакль “Па старонках казак”. Радасна віталі госці з’яўленне Восені (педагог-псіхолаг Ганна Іванаўна Кабак), якая спявала песні пра залатую пару года, танчыла, зычыла ўдзельнікам свята дабрыні і прыгажосці. Не абышлося і без народных гульняў, дзе кожны мог адчуць сябе вядучым і прадэманстраваць лоўкасць, кемлівасць і спрыт. А 2 “Б” клас быў запрошаны на віктарыну “Будзь багаты, як восень!”, дзе настаўнік пачатковых класаў Наталля Мікалаеўна Васілеўская прапаноўвала розныя цікавыя заданні: рэбусы па беларускай мове, загадкі, запамінанне слоў-сімвалаў восені, узгадванне прыкмет і народных павер’яў. Варта адзначыць, што другакласнікі не толькі справіліся з заданнямі, але і паказалі выдатны ўзровень валодання беларускай мовай. Выстава творчых работ “Залатая восень” (тут былі прадстаўлены восеньскія букеты, карціны, пано і інш.) захапіла бацькоў вучняў і, спадзяёмся, натхніла на новыя творчыя праекты сумесна з дзецьмі.

Потым Гаспадыня і Гаспадар, які абнёс прысутных зернем з ачышчальным агнём, каб зіма не была суровай, а ў хаты не прыходзіла ні бяда, ні хвароба, запрасілі ўсіх гасцей да стала. “Багач” застаўся ў нашай школе, а разам з ім нам не страшныя ніякія зімовыя сцюжы, бо мы пад надзейнай абаронай нашых лепшых ахоўнікаў – продкаў.

Галіна СТРАЛЬЧУК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы Мінска

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий