Паясы Навагрудчыны

- 23:34ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Вучні 8А класа сярэдняй школы  7 Навагрудка лічаць, што сапраўднаму грамадзяніну і патрыёту вельмі важна ведаць гісторыю і культуру малой радзімы. Дапамагала ім у набыцці новых ведаў супрацоўніца мясцовага гісторыкакраязнаўчага музея Галіна Тадэвушаўна Кавальчук, якая правяла пазнавальны музейны ўрок Паясы Навагрудчыны.

На ўроку вучні маглі патрымаць у руках старажытныя паясы, якім больш за 100 гадоў, пазнаёміцца з разнастайнасцю ўзораў, колераў, форм паясоў Навагрудчыны. Кручаныя і тканыя, вузенькія і шырокія, з махрамі і кутасамі. Што ні пояс, то свой узор. Цікавыя звесткі атрымалі падлеткі і пра функцыі пояса ў якасці кампанента традыцыйнага касцюма, пра прымяненне пояса ў побыце, звычаях і абрадах. Школьнікі даведаліся, што на Навагрудчыне існаваў цікавы вясельны абрад, калі пасля вянчання маладая ўваходзіла ў хату маладога са ўсёй сваёй дружынай, і ўсе яны трымаліся за пояс, з тым каб сяброўкі хутчэй пайшлі замуж, а хлопцы-дружкі хутчэй ажаніліся.

Карыснай была інфармацыя і пра асаблівасці тэхнікі вырабу пояса: віццё, пляценне, ткацтва. Але найбольшую цікавасць у дзяцей выклікалі звесткі пра аздабленне паясоў непаўторнымі ўзорамі нацыянальнага беларускага арнаменту, дзе кожны сімвал мае сваё індывідуальнае значэнне. Вучні паспрабавалі самі намаляваць той элемент арнаменту, які ім найбольш спадабаўся.

З урока школьнікі засвоілі, што ў поясе як у прадмеце культуры сканцэнтравана нейкая асаблівая духоўная энергія, якая не дазваляе яму знікнуць, растварыцца ў тумане гісторыі, перастаць існаваць. І энергія гэтая, безумоўна, станоўчая, павучальная, жыццядзейная. Паясы Навагрудчыны – унікальны скарб, дзякуючы якому вучні мелі магчымасць яшчэ раз упэўніцца ў таленце нашага народа, яго самабытнасці, атрымаць больш звестак пра гісторыю і культуру свайго горада і навакольных вёсачак, дзе жылі і жывуць нашы таленавітыя людзі.

Валянціна МАНЮК,
класны кіраўнік 8А класа
сярэдняй школы № 7 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий