На асенніх канікулах акцябраты Ганцавіччыны не сумавалі. Дзень за днём яны выконвалі цікавыя заданні і ўзнімаліся на новую вяршыню, для пакарэння якой патрабаваліся розум, кемлівасць, логіка і талент.
Раённая дыстанцыйная гульня “Заваёўнікі вяршынь” аб’яднала 15 школьных каманд акцябрат. Яе мэта – удасканаленне форм работы з малодшымі вучнямі, павышэнне матывацыі да саманавучання, фарміраванне новых кампетэнцый, рэалізацыя творчага патэнцыялу.
У першы дзень школьнікі пакаралі вяршыню “Дружба”. Патрабавалася сабраць каманду з сяброў-аднадумцаў, прыдумаць ёй назву і дэвіз, выбраць капітана сярод старэйшых сяброў-піянераў, назваць пяць якасцей, якія аб’ядноўваюць членаў каманды, і зрабіць адметнае фота ці фотакалаж.
Другі дзень, прысвечаны пакарэнню вяршыні “Спорт”, быў накіраваны на выяўленне спартыўных здольнасцей дзяцей,якія спаборнічалі ў скачках праз скакалку ў асабістым і камандным заліку.
У трэці дзень вучні пераадольвалі вяршыню “Творчасць”. Для гэтага патрабавалася паказаць майстэрства ў вырабе кармушак. Птушыныя сталовыя атрымаліся проста выдатныя!
Пакараць вяршыню “Патрыятызм” дзеці адправіліся на гарадскія і вясковыя вуліцы, дзе фатаграфаваліся на фоне славутасцей малой радзімы.
У апошні дзень вучні сабраліся дружнымі камандамі за агульным сталом для пакарэння вяршыні “Інтэлект”, каб паўдзельнічаць у анлайн-віктарыне.
Заваяваныя вяршыні ўтварылі акцябрацкую зорачку.
Алёна КІСЯЛЕВІЧ,
метадыст Ганцавіцкага раённага
вучэбна-метадычнага кабінета