- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Урокі дабрыні любчанскіх школьнікаў

 

У Любчанскай сярэдняй школе Навагрудскага раёна існуе добрая традыцыя – у сусветны дзень дабрыні, які адзначаецца 13 лістапада, праводзіць акцыю “Тэрыторыя дабра”. Кожны ў гэты дзень можа праявіць свае самыя лепшыя чалавечыя якасці, выказаць павагу і любоў, падарыць шчырую ўсмешку, якая будзе саграваць сэрца.

Ветлівае слова, добразычлівы позірк, усмешка – усё гэта маленькія, але такія важныя праяўленні дабрыні. Гэтыя моманты, якімі нас адорваюць людзі, застаюцца ў нашай памяці назаўсёды. Як вядома, у жыцці безадмоўна працуе прынцып – чым больш дабра мы робім для іншых, тым больш яго вяртаецца да нас. Важна з дзяцінства матываваць людзей на добрыя ўчынкі, вучыць іх бачыць дабро вакол і шукаць магчымасць праяўляць дабрыню.

Некаторыя навучэнцы вырашылі перадаць паштоўкі з добрымі словамі для тых, хто сёння знаходзіцца ў Любчанскай бальніцы сястрынскага догляду. Іншыя падарылі смайлікі прахожым і настаўнікам, каб настрой людзей у гэты дзень быў абавязкова добрым. Малодшыя школьнікі склалі спісы сваіх добрых спраў за тыдзень і напоўнілі імі сімвалічны кошык. Нехта ажыццявіў падарожжа на “паравозіку дабра”, дзе сустрэўся з казачнымі героямі, якія ў розных гісторыях дапамагалі іншым.

   

Як вядома, рабіць дабро – вельмі прыемная рэч. Ёсць думка, што тыя, хто не адказвае сабе ў гэтам, жывуць даўжэй, хварэюць радзей і ўспрымаюць жыццё выключна з пазітыўнага боку.

Пра дабрыню можна многа разважаць, але важна, каб рэальныя ўчынкі дабра не губляліся за гэтымі разважаннямі. Урокі дабрыні не позна браць на працягу ўсяго жыцця. Галоўнае, каб у чалавека была патрэба і жаданне дзяліцца дабром і зрабіць хоць на кароткі час некага шчаслівым.

Вераніка АЛЯШКЕВІЧ,
дырэктар Любчанскай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий