Экспазіцыя музея “Наш гонар” сярэдняй школы № 1 Смаргоні багатая і разнастайная, бо кранае ўсе старонкі гісторыі школы. Ужо стала традыцыяй праводзіць інфармацыйныя гадзіны ў школьным музеі, асабліва для вучняў 5-х класаў, якія толькі прыйшлі ў “вялікую” школу.
З цікавасцю вучні слухаюць пра гісторыю школы, дзівяцца, даведаўшыся, што ў першыя гады існавання школа абагравалася печкамі, не было электраэнергіі і пакоі асвятляліся газавымі лямпамі. У першыя гады ў школе не было спартыўнай залы, вучэбных майстэрняў, спартыўнай пляцоўкі, сталовай і бібліятэкі. У класах стаялі драўляныя парты чорнага колеру, а падлога была не пафарбавана.
Чамусьці вельмі здзіўляюцца дзеці, калі бачаць на сценах музея фотаздымкі іх новых настаўнікаў. Экскурсавод тлумачыць, что некаторыя з іх вучыліся ў нашай школе, а цяпер у ёй жа і працуюць. Іншыя педагогі падрыхтавалі пераможцаў у алімпіядах па розных прадметах, таму іх фотаздымкі ўпрыгожваюць музейны пакой.
– Добра вучыцеся, тады, можа, і ваш партрэт з’явіцца на дошцы гонару нашай школы, – заахвочае вучняў экскурсавод. – Дзеці, а ці бачылі вы ў нашым гарадскім парку скульптурную кампазіцыю “Мядзведжая акадэмія”? Вучні наперабой апавядаюць, што “Мядзведжая акадэмія” была ў той час адзінай установай у Еўропе, дзе дрэсіравалі мядзведзяў, вучылі іх танцаваць. З гарадскіх кірмашоў, дзе жыхары збіраліся на прадстаўленні, разыходзілася слава пра Смаргонь. Але якім жа было іх здзіўленне ад таго, што аўтар гэтага праекта Уладзімір Церабун – былы вучань нашай школы. З захапленнем хлопчыкі і дзяўчынкі слухалі пра тое, што ў школе працавалі настаўнікі-франтавікі, а сярод нашых выпускнікоў ёсць і вучоныя, і спартсмены, і знакамітыя дзеячы мастацтва.
Музейныя прадметы – рэчы, каштоўнасці, фотаздымкі – выступаюць у якасці крыніцы інфармацыі пра людзей і падзеі, здольныя ўздзейнічаць эмацыйна, выклікаць пачуццё датычнасці, бо дазваляюць пранікнуць у мінулае. Так пракладваецца масток да сэрца дзіцяці, так фарміруюцца правільныя жыццёвыя арыенціры, адбываецца далучэнне да вечных каштоўнасцей.
Таццяна ІСТРАЦЬКОВА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Смаргоні