У яслях-садзе № 15 Смаргоні з выхаванцамі старэйшай групы № 4 прайшло свята “На смаргонскім кірмашы”.
Упрыгожанне музычнай залы адпавядала назве свята: дэкарацыі з выкарыстаннем беларускага арнаменту, вялікая колькасць гліняных і саламяных вырабаў, якія падрыхтавалі для свята бацькі выхаванцаў.
На працягу свята дзеці з задавальненнем чыталі вершы, выканалі беларускі народны танец “Крыжачок”, песню пра кветку роднай Беларусі “Сіні васілёк”. З уласным музычным суправаджэннем на музычных шумавых інструментах прагучала песня “Сямейны аркестрык”.
Вельмі прыемным сюрпрызам аказалася шчырая ігра ўдзельнікаў у тэатралізаванай аўтарскай казцы “Як мядзведзь сваю матулю шукаў”. Выхаванцы пераўтварыліся ў герояў казкі, дзеянне якой адбывалася ў мінулыя часы.
Свята прайшло пазнавальна, весела і ярка. Было вельмі прыемна бачыць натхнёныя твары маленькіх беларусаў, іх зацікаўленасць гісторыяй нашай краіны і яе традыцыямі.
Яслі-сад № 15 Смаргоні выказвае падзяку ўсім, хто дапамагаў у падрыхтоўцы да свята і прымаў актыўны ўдзел у яго правядзенні.
Аксана ТАГАНАВА,
музычны кіраўнік
ясляў-сада № 15 Смаргоні