На тэрыторыі нашай дашкольнай установы створаны міні-агарод, які стаў добрай пляцоўкай для працоўнага выхавання дашкольнікаў, якія выконваюць працоўныя даручэнні і пераймаюць вопыт старэйшых.
Вясною разам з дарослымі дзеці старэйшых груп перакопвалі глебу, рабілі градкі, вучыліся сеяць, радаваліся ўсходам. Першае акучванне, праполка праводзіліся выхавальнікамі і суправаджаліся тлумачэннем. Затым, пад наглядам дарослых, самi выхаванцы выконвалі рыхленне глебы і паліў раслін.
Працуючы на агародзе, дзеці замацавалі правілы карыстання лапатай, саўком, лейкай; даведаліся, што насенне кладзецца толькі ў сырую глебу; мелі магчымасць назіраць, як з маленькага семя прабіваецца расток; прыйшло ўсведамленне таго, што зелле забірае многа вільгаці і святла, таму неабходная праполка.
Дзякуючы дружнай і арганізаванай працы выхавальнікаў і дзяцей летам на градках нашага агарода красаваліся буракі, капуста, морква, кабачкі, цыбуля, рэпа. Кожнаму прыемна бачыць вынік сваёй працы, а дзецям – асабліва. Таму, калі прыйшла пара збіраць ураджай, сапраўдная радасць перапаўняла дзяцей.
Варта сказаць, што працэс працы дастаўляў дзецям вялікае задавальненне яшчэ i таму, што агарод сёлета быў у нас не звычайны, а казачны – па матывах любiмай дзецьмi казкі “Рэпка”.
Ала ДАНІЛЬЧЫК,
выхавальнiк
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы