Экскурсія ў занальны інстытут раслінаводства НАН Беларусі

- 9:36ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Профільныя класы аграрнай накіраванасці ў сярэдняй школе № 7 Слоніма функцыянуюць з 2018 года. За гэты час навучэнцы агракласаў пабывалі на розных прадпрыемствах па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, пазнаёміліся з іх перадавымі напрацоўкамі, удзельнічалі ў практыкумах. З мэтай фарміравання цікавасці вучняў да аграрных прафесій была арганізавана экскурсія ў Гродзенскі занальны інстытут раслінаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Дырэктар інстытута Сяргей Мікалаевіч Шэўчык пазнаёміў навучэнцаў з асноўнымі кірункамі навуковай і інавацыйнай дзейнасці інстытута, прадэманстраваў узоры сельскагаспадарчых культур, раяніраваных і перспектыўных гатункаў збожжавых, зернебабовых, крыжакветных культур, шматгадовых бабовых і злакавых траў, бульбы розных груп спеласці і мэтавага прызначэння. У дэманстрацыйнай зале інстытута таксама былі прадстаўленыя ўзоры пладовых культур.

Навучэнцы прагледзелі відэаролік пра гісторыю развіцця прадпрыемства, дасягненні інстытута, вытокі навукова-даследчай дзейнасці якога бяруць свой пачатак у далёкім 1910 годзе.

Выконваючы абавязкі загадчыка аддзела садаводства Іна Сінкевіч распавяла пра тэхналагічныя прыёмы вытворчасці высакаякаснага пасадачнага матэрыялу яблыні і слівы для супэрінтэнсіўных садоў, пра распрацоўкі практычных мерапрыемстваў па спосабах кіравання прадуктыўнасцю дрэў яблыні. Загадчык аддзела бульбы, кандыдат сельскагаспадарчых навук Ніна Хох расказала пра размнажэнне аздараўленых гатункаў бульбы, вытворчасць арыгінальнага і элітнага насення, тэхналагічныя прыёмы вырошчвання, якія забяспечваюць высокую якасць насеннай, харчовай і тэхналагічнай бульбы.

 

Навучэнцы пабывалі ў цяплічных комплексах размнажэння насення бульбы, ангары па яго падрыхтоўцы, сховішчах, на лініях пратраўлівання, ачысткі, падрыхтоўкі, дапрацоўкі насення, убачылі, як працуюць касетныя сушылкі для малых партый насення.

Навуковы супрацоўнік аддзела збожжавых і зернебабовых культур Вольга Ануфрык расказала пра тэхніку, якая выкарыстоўваецца ў сельскагаспадарчых работах: селекцыйна-насенняводчыя камбайны Wintersteiger delta, селекцыйныя сеялкі Wintersteiger TRM, спецыяльная малагабарытная тэхніка для селекцыі і насенняводства, камбайны Wintersteiger Alfa для ўборкі эліты.

Навучэнцы былі ўражаныя высокім прафесіяналізмам спецыялістаў-аграрнікаў, знаёмства з якімі садзейнічала пашырэнню ведаў пра разнастайнасць сельскагаспадарчых раслін і сучасную сельскую гаспадарку. Экскурсія ў занальны інстытут раслінаводства спрыяла набыццю неабходных ведаў пра дасягненні аграпрамысловага комплексу Гродзенскай вобласці, прызначэнне, сутнасць і перспектывы развіцця аграрных прафесій.Яна стала карыснай для ўсвядомленага прафесійнага самавызначэння.

Алена АНТОНІК,
класны кіраўнік 8 “Б” класа
сярэдняй школы № 7 Слоніма

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий