26 лістапада ў Залескім яслях-садзе – сярэдняй школе прайшоў адзіны дзень інфармавання ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ”. Вучні абмяркоўвалі актуальную для падлеткаў тэму “Мы ў сучаснай медыяпрасторы: павага, бяспека, дакладнасць”.
У рамках блока “Мы ў сучасным свеце інфармацыі” у фокусе абмеркавання апынуліся сродкі масавай інфармацыі, якія ўяўляюць сабой адзін з найважнейшых інстытутаў сучаснага грамадства. Рэдактар школьнай газеты “Паўночныя Афіны” Н.М.Сідарава расказала пра тое, што ўяўляюць сабой СМІ, як змянілася іх работа ў апошнія гады, якую функцыю яны сталі выконваць, пазнаёміла з паняццем “мас-медыя”, звярнуўшы ўвагу ўдзельнікаў на тое, як патрэбна ўзаемадзейнічаць з любым медыятэкстам.
Разважаючы пра сучасныя сродкі масавай інфармацыі, іх ролю ў фарміраванні грамадскай свядомасці, вучні абмеркавалі прававыя аспекты, якія тычацца дзейнасці СМІ, і прыйшлі да высновы, што, валодаючы вялікімі магчымасцямі, сродкі масавай інфармацыі павінны несці і вялікую адказнасць перад грамадствам.
Разглядаючы блок “Інфармацыйная бяспека непаўналетніх у Рэспубліцы Беларусь: прававыя і сацыяльныя аспекты”, удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі культуру зносін у сеткавай прасторы, адказныя і бяспечныя паводзіны ў сучасным інфармацыйным асяроддзі. Выказалі свой пункт гледжання па праблеме анлайн-гвалту, пералічылі правілы бяспекі ў сацыяльных сетках. Педагог-псіхолаг С.А.Кодзь расказала пра грумінг, кібербулінг і дала практычныя парады, як гэтаму супрацьстаяць.
Асаблівая ўвага была нададзена выкананню правіл бяспекі ў сетцы інтэрнэт. Класны кіраўнік 10-га класа Л.К.Талькоўская акцэнтавала ўвагу ўдзельнікаў на тым, як не патрапіць на хітрыкі кіберзлачынцаў, а таксама нагадала, што неабходна заўсёды памятаць – далёка не ўсё, што можна прачытаць ці ўбачыць на прасторы сусветнай павуціны, – праўда. Інтэрнэт можа быць карысным сродкам для навучання, зносін з сябрамі, але, як і рэальны свет, таіць у сабе мноства небяспек.
Падводзячы вынікі, навучэнцы падкрэслілі актуальнасць тэмы мерапрыемства. Яны адзначылі, што сучасны чалавек не можа адмовіцца ад звестак, атрыманых праз сродкі масавай інфармацыі, але гэтыя звесткі ён павінен асэнсоўваць крытычна.
Алена ВАРАНІШЧА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Залескага ясляў-сада – сярэдняй школы
Смаргонскага раёна