Ужыванне кросенс-тэхналогіі на ўроках інфарматыкі

- 19:09ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

 

Чарговае пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў інфарматыкі Кармянскага раёна прайшло на базе сярэдняй школы № 1 гарадскога пасёлка Карма.

Сёння радыкальна змяняецца статус педагога, яго адукацыйныя функцыі. Змяняюцца і патрабаванні да яго прафесійнай кампетэнтнасці, да ўзроўню яго прафесіяналізму.

Прафесійная кампетэнтнасць педагога фарміруецца праз пастаянную сістэматычную прафесійную вучобу. Самыя важныя мэты нашага метадычнага аб’яднання настаўнікаў інфарматыкі – стварэнне атмасферы зацікаўленасці ў росце педагагічнага майстэрства, выяўленне перспектыўнага педагагічнага досведу і развіццё творчага патэнцыялу кожнага педагога.

Настаўнікаў інфарматыкі адрознівае не толькі высокі прафесіяналізм, але і творчы, натхнёны падыход да сваёй справы. Разнастайнасць метадаў і тэхналогій, якія выкарыстоўваюць педагогі, дазваляе ўлічваць індывідуальныя асаблівасці вучняў.

Чарговае пасяджэнне было прысвечана шляхам удасканалення прадметна-метадычных кампетэнцый настаўніка інфарматыкі. Праграма складалася з тэорыі і практыкі. Настаўнікі інфарматыкі Таццяна Халецкая і Таццяна Лявоненка правялі майстар-клас “Ужыванне кросенс-тэхналогіі як сродка фарміравання пазнавальнай цікавасці навучэнцаў на ўроках інфарматыкі і ў пазаўрочнай дзейнасці”.

Варта адзначыць, што ўжыванне кросенса на ўроках інфарматыкі спрыяе развіццю лагічнага мыслення вучняў, самастойнасці, ініцыятыўнасці і творчых здольнасцей. Гэта метад, які дазваляе на практыцы стварыць умовы для самастойнага творчага пошуку. Дзеці не толькі знаходзяць сувязі паміж прадметамі і з’явамі, яны паглыбляюць свае веды, раскрываюць новыя грані разумення звыклых рэчаў.

Удзельнікі семінара-практыкума зацікаўлена разгадвалі і самастойна стваралі кросенсы па інфарматыцы, а таксама разгледзелі праблемныя пытанні павышэння пазнавальнай актыўнасці на занятках. Падчас творчага дыялогу на тэму “Развіццё даследчых уменняў навучэнцаў у адукацыйным працэсе па інфарматыцы” кожны настаўнік змог папоўніць сваю метадычную скарбонку і абмяняцца досведам прадстаўлення работ у навукова-даследчых конкурсах.

Анкетаванне ўдзельнікаў аб’яднання паказала, што семінар-практыкум спрыяў удасканаленню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. А яшчэ гэта прадуктыўныя прафесійныя зносіны з калегамі, абмен вопытам і атрыманне новых ведаў.

Таццяна ЛЯВОНЕНКА,
настаўнік інфарматыкі і матэматыкі
сярэдняй школы № 1 Кармы,
кіраўнік раённагаметадычнага аб’яднання настаўнікаў інфарматыкі

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий