Непрыкметна згаслі яркія фарбы восені. Творчым развітаннем з цудоўнай парой года можна назваць выставу вырабаў з прыроднага восеньскага матэрыялу, якую арганізавалі вучні 3 “А” класа сярэдняй школы № 7 Смаргоні.
Творчая майстэрня працавала не адзін тыдзень.
Частка работ была выканана вучнямі на ўроках выяўленчага мастацтва і працоўнага навучання, а ў пазаўрочны час да сумеснай працы далучаліся і бацькі.
Вось з-пад жоўтага лісця выглядае твар самой прыгажуні-восені, у карэце з маленькага гарбуза імчыць на баль Папялушка, завіхаецца вакол сваіх запасаў мышка, спяшаецца ў норку вожык.
Падзякаваўшы восені за цеплыню фарбаў, натхненне да творчасці, заўважаем, што ў майстэрні пачынае гаспадарыць зіма. Эстафета творчых задумак не спыняецца ўвесь год. Хутка з’явяцца і зімовыя цуды, створаная рукамі маленькіх майстроў.
Ірына БЕЗЛЯПОВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы № 7 Смаргоні