Творчыя педагогі заўсёды шукаюць нешта новае, цікавае, каб выкарыстоўваць у працы з дашкольнікамі. Настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 5 Слоніма Наталля Захажэўская, якая працуе ў спецыяльнай групе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы, стала выкарыстоўваць на занятках элементы скрапбукінга.
Скрапбукінг – від рукадзелля, пры дапамозе якога афармляюць прыгожыя альбомы, паштоўкі і інш. – стаў вельмі папулярным у апошні час. Гэту цікавую тэхналогію выкарыстоўваюць у карэкцыйнай рабоце з дзецьмі, каб ствараць розныя гульнявыя сітуацыі, стымуляваць інтэлектуальную, гульнявую і моўную дзейнасць выхаванцаў, актывізаваць іх веды.
Дашкольнікам спецгрупы складана выконваць заданні, звязаныя з артыкуляцыйнай маторыкай. Выкарыстанне на карэкцыйна-развіваючых занятках дыдактычных гульняў і практыкаванняў, нагляднасці, графічных схем, метадаў мадэлявання з дапамогай элементаў скрапбукінга спрыяюе ўзбагачэнню слоўнікавага запасу, развіццю дробнай маторыкі рукі, засваенню граматычных катэгорый, развіццю цікавасці да заняткаў.
Хочацца адзначыць, што выкарыстанне элементаў скрапбукінга дазволіла актывізаваць удзел бацькоў у аказанні лагапедычнай дапамогі дзецям.
Тамара БЕЛУШ,
загадчык ясляў-сада № 5 Слоніма