Бераставіцкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі прымаў у сваіх сценах маладых педагогаў з усяго раёна. У фармаце круглага стала ў цёплай атмасферы за кубкам гарбаты праходзіла сустрэча маладых спецыялістаў з намеснікам старшыні Бераставіцкага райвыканкама, кіраўніцтвам сферы адукацыі.
У ходзе гутаркі маладыя педагогі расказалі пра тое, як пачаўся навучальны год у іх школах, пра адносіны з калегамі і вучнямі, пра ўзніклыя цяжкасці і пытанні.
Пра свае першыя гады працы ўспомнілі намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Шчука, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Павел Панкевіч. Яны падкрэслілі, што ганарацца цяперашняй маладой зменай. Адзначылі імёны маладых педагогаў папярэдніх гадоў, якія за кароткі час паспелі праявіць сябе. Настаўнік замежнай мовы Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы Юлія Ігнатовіч у бягучым годзе занесена ў Кнігу пашаны маладых спецыялістаў Гродзеншчыны. Святлана Войшаль, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Пархімаўскага ясляў-сада – базавай школы стала стыпендыятам абласной прэміі грамадскіх арганізацый “Паспяховы старт”.
Андрэй Шчука ўручыў маладым спецыялістам падарункі ад раённага выканаўчага камітэта.
Пра перспектывы прафесійнага і кар’ернага росту прысутным паведаміў Браніслаў Кісялеўскі, загадчык вучэбна-метадычным кабінетам. Маладыя педагогі распыталі пра нюансы ў пытаннях павышэння кваліфікацыі, атрымання кваліфікацыйнай катэгорыі, абавязкі маладых спецыялістаў і магчымасці атрымання дадатковых прэмій.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Саннікава паведаміла пра тое, як маладыя спецыялісты могуць рэалізаваць сябе ў нашым раёне, як з карысцю правесці вольны час. Для актыўных маладых спецыялістаў у раёне праводзяцца інтэлектуальныя гульні, КВЗ, спартыўныя мерапрыемствы, турыстычныя злёты, фестывалі паэзіі, конкурсы. Святлана Васільеўна адзначыла, што любому таленту знойдзецца прымяненне.
Шэраг пытанняў, паднятых маладымі спецыялістамі ў ходзе гутаркі, узяты на кантроль кіраўніцтвам аддзела адукацыі.
Браніслаў КІСЯЛЕЎСКІ,
загадчык
Бераставіцкага вучэбна-метадычнага кабінета