Сапраўдным падарожжам у часе стала для вучняў 8-га класа сярэдняй школы № 11 Ліды наведванне мемарыяльнага пакоя літаратурнага аддзела Лідскага гісторыка-мастацкага музея.
Нічым знешне не прыкметны, на першы погляд, домік, дзе жыў напярэдадні вайны беларускі пісьменнік Валянцін Таўлай, унутры аказаўся “машынай часу”. Не паспелі юныя госці ўвайсці і разгледзецца, як адразу іх сардэчна прывітала ахмістрыня і запрасіла прайсці ў пакой, аформлены ў даваенным стылі. Але не толькі сам інтэр’ер пакоя стварыў у дзяцей вобраз мінулага – у эпоху, калі жыў пісьменнік, дапамагло пагрузіцца тэатралізаванае дзеянне.
У Лідзе ўсім добра вядомы домік Таўлая, і нашы вучні сюды завітвалі не раз: выставы, сустрэчы з цікавымі людзьмі, прэзентацыі кніг, музейныя заняткі… А вось на гэты раз іх чакала незвычайная сустрэча з пісьменнікам: у вобразе Валянціна Паўлавіча Таўлая і яго жонкі Кіры дзяцей сустрэлі Алесь Хітрун і Надзея Хартановіч, навуковыя супрацоўнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея.
Усё было настолькі набліжана да жыцця, што здавалася, быццам сам Валянцін Паўлавіч распавядае пра сябе, пра сваіх родных, пра свае мары выдаць зборнік твораў, пра жыццё ў перадваеннай Лідзе. Пачулі вучні і вершы па-беларуску і па-польску, бо менавіта на гэтых мовах пачынаў пісаць творы малады паэт. Акрамя таго, думкі Таўлая былі заняты выданнем чарговага нумара раённай газеты “Уперад”, дзе ён працаваў да вайны. На дапамогу Валянціну Таўлаю, па запрашэнні ахмістрыні, у ролі якой выступіла Наталля Валынец, старэйшы навуковы супрацоўнік музея, прыйшлі госці. Вучні 8-га класа атрымалі першае заданне: дапамагчы падрыхтаваць чарговы нумар газеты “Уперад”. З гэтым заданнем дзеці справіліся хутка і тым самым дапамаглі наблізіць час наступлення Новага году.
А каб дапамагчы паэту ажыццявіць мару выдаць зборнік твораў, вучням прапанавалі намаляваць малюнкі на тэмы пачутых падчас сустрэчы вершаў. Гэтае заданне яны выконвалі з асаблівым задавальненнем. А яшчэ Валянцін Паўлавіч папрасіў размеркаваць дзіцячыя фотаздымкі вядомых рускіх і беларускіх пісьменнікаў і абавязкова знайсці яго фотакартку. З гэтым школьнікі таксама добра справіліся.
Супрацоўнікі музея ў інтэрактыўнай форме абмеркавалі з вучнямі, як святкавалі Новы год у 1940 годзе і святкуюць цяпер, як выглядала навагодняя ёлка, чым яе ўпрыгожвалі, якія дарылі падарункі родным і сябрам. Паспрабавалі параўнаць асаблівасці жыцця і побыту людзей той эпохі і сучаснай. Як аказалася, на здзіўленне дзяцей, 80 гадоў таму яшчэ не было шарыкавых ручак, у кожным доме не было тэлефона, і зразумела, пра інтэрнэт ніхто не чуў. І калі Валянцін Паўлавіч быў задаволены сваім часам, то пачуўшы, як жывуць людзі зараз, пераканаўся, што мы жывём значна цікавей.
У пераднавагодняе свята госці паэта не засталіся без падарункаў, кожны атрымаў салодкі пачастунак і дыплом за актыўны ўдзел у мерапрыемстве. Вучні, у сваю чаргу, напісалі паэту свае пажаданні і склалі іх у маленькі навагодні куфэрак пад ёлку.
Наталля АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 8 “Б” класа
сярэдняй школы № 11 Ліды