Урокі фізічнай культуры і здароўя дазваляюць вучням Азёркаўскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна задаволіць свае рухальныя патрэбы. Ёсць магчымасць развучыць новыя практыкаванні, гульні, удзельнічаць у шматлікіх спаборніцтвах. Для правядзення ўрокаў у школе ёсць ўсё неабходнае.
У добрае надвор’е вучні займаюцца на школьным стадыёне, калі надвор’е не дазваляе – у спартыўнай зале. Амаль штогод умацоўваецца матэрыяльная база па спорце. Дзеля здароўя вучняў, арганізаванага правядзення іх вольнага часу дзяржавай выдзяляюцца сродкі на набыццё спартыўнага інвентара. Апошнім часам мы атрымалі новыя лыжы, канькі, тэнісны стол, футбольныя і валейбольныя мячы. Ёсць нават трэнажор. Яшчэ дзесяць гадоў таму гэта была толькі мара.
Выкладае ўрокі фізічнай культуры вопытны педагог Аляксандр Русак. Сам настаўнік заўсёды ў выдатнай форме і добрым настроі, з пачуццём гумару, прыходзіць на дапамогу сваім вучням і мае цудоўныя арганізатарскія здольнасці. Нашы вучні з задавальненнем займаюцца спортам, каб быць такімі ж стройнымі і прыгожымі, як іх настаўнік. А яшчэ штогод у нас мноства жадаючых удзельнічаць у конкурсе па фізічнай культуры і здароўі.
Нашы вучні разам са сваім настаўнікам А.А.Русаком наведваюць фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Прынёманскі” у Мастах, удасканальваюць свае навыкі па плаванні. Каб развівацца паўнацэнна, патрэбна займацца рознымі відамі спорту. А зараз дзеці чакаюць сапраўднай зімы, каб зімовыя віды спорту зноў вярнуліся да нас.
Рэгіна ДРАВІЦА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Азёркаўскай сярэдняй школы
Мастоўскага раёна