Музейная экспазіцыя “Гісторыя ёлачнай цацкі і Каляды”

- 11:47ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Падчас навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” навагодняя казка зазірнула і ў Навагрудскую спецыяльную школу-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, парушэннямі псіхічнага развіцця, цяжкасцямі ў навучанні.

 

На навагодняе прадстаўленне сабраліся ўсе вучні і іх бацькі, настаўнікі і выхавальнікі, шматлікія госці. Наведалі ўстанову намеснік старшыні Навагрудскага выканаўчага камітэта Святлана Каралько, начальнік упраўлення адукацыі Навагрудскага раёна Людміла Мароз, намеснік начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама Ігар Генец, кіраўнікі арганізацый, якія аказваюць дапамогу навучальнай установе.

У сапраўднае падарожжа па старонках казкі “Воўк і сямёра казлянят” змаглі адправіцца выхаванцы спецшколы-інтэрната і госці дабрачыннага ранішніка. Любімыя навагоднія героі і казачныя персанажы, у якіх пераўвасобіліся юныя артысты, педагогі і выхавальнікі ўстановы, песні і танцы – прадстаўленне захапіла дзяцей і дарослых, яно атрымалася яскравым і казачным.

Напярэдадні самых чароўных і светлых свят – Калядаў і Новага года – госці пажадалі дзеткам выканання запаветных жаданняў, дасягнення пастаўленых мэт, веры ў поспех і ўласныя сілы.

 

Таксама ў гэты дзень у гісторыка-краязнаўчым музеі нашай установы “Памяць сэрца” адбылося адкрыццё новай казачнай экспазіцыі “Гісторыя ёлачнай цацкі і Каляды”.

Экспазіцыя музея знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй вытворчасці ёлачных цацак і іншай навагодняй атрыбутыкі пачынаючы з пачатку XX стагоддзя і па цяперашні час. Тут таксама можна даведацца пра традыцыі святкавання навагодніх і калядных свят у Беларусі і іншых краінах свету. У экспазіцыю ўключаны ёлачныя цацкі з ваты, цацкі з кардона, паперы, ваты і шкла, цацкі, зробленыя ўручную і адлітыя ў формах, гірлянды, мішура. На стэлажах можна ўбачыць цацкі-дырыжаблі, гадзіннікі, шары з сярпом і молатам, шары з чырвонай зоркай, газавыя лямпы, вярхушкі ў выглядзе зоркі і вярхушкі-пікі, касманаўтаў, гародніну, персанажаў з казак, ёлкі часоў СССР, дзедаў марозаў з ваты 1971–1980 гг., снягурак з пластмасы. За кожным з экспанатаў стаіць свая гісторыя.

   

Ідэя стварэння экспазіцыі, прысвечанай самаму казачнаму святу ў годзе, нарадзілася даўно ў марах дырэктара ўстановы Алега Анікевіча. І дзякуючы карпатлівай працы і падтрымцы калег, сяброў і знаёмых, нашых выхаванцаў, удалося сабраць за невялікі час больш за 600 экспанатаў. Наведаўшы прадстаўленую экспазіцыю “Гісторыя ёлачнай цацкі і Каляды”, кожнае дзіця зможа акунуцца ў чароўную казку, а дарослы – вярнуцца ў далёкае дзяцінства.

Вольга РАДЧАНКА,
выхавальнік Навагрудскай спецыяльнай школы-інтэрната
для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы,
парушэннямі псіхічнага развіцця, цяжкасцямі ў навучанні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий