22 снежня 2020 года навучэнцы 8–11-х класаў Шчорсаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы прынялі ўдзел у адзіным дні інфармавання “Я родным краем ганаруся і ведаю – я не адзін”.
У кожным класе вучні разгледзелі два інфармацыйныя блокі: “Дасягненні суверэннай Беларусі ў розных сферах грамадскага жыцця”, “Марафон добрых спраў – наш уклад у развіццё малой радзімы”.
Вядучыя ток-шоу зрабілі акцэнт на тым, што наша краіна – прыгожая, мірная, адзначылі, што за гады незалежнасці моцна змяніліся аблічча і інфраструктура нашых населеных пунктаў. Яны пазнаёмілі вучняў з асноўнымі дасягненнямі і знакавымі аб’ектамі Мінска і іншых рэгіёнаў Беларусі. Асаблівую ўвагу надалі Гродзенскай вобласці, моцнай сваімі прамысловасцю і аграрнай сферай. Навучэнцы адзначылі, што будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы стала знакавым праектам не толькі для Гродзеншчыны, але і для ўсёй краіны. Гаварылі і пра тое, што значны ўклад у эканоміку рэгіёна ўносіць турызм. Адной з турыстычных жамчужын стаў адноўлены Мірскі замак – аб’ект, уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Прэтэндэнтам на гэты ганаровы статус стаў і Аўгустоўскі канал.
З цікавасцю школьнікі абмяркоўвалі, што зроблена за гэтыя гады на тэрыторыі непасрэдна нашага аграгарадка. Для захавання культурна-гістарычнай спадчыны Шчорсаў намаганнямі фонду “Шчорсы і Храптовічы” была ўсталявана альтанка і дзіцячая пляцоўка ў парку сядзібы Храптовічаў, упарадкавана прылягаючая тэрыторыя.
Перайшоўшы да другога блоку, удзельнікі ток-шоу адзначылі, што навучэнцы нашай установы адукацыі на працягу 2018–2020 гадоў прымалі актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах рэспубліканскага ўзроўню. Яны акцэнтавалі ўвагу на тым, што ў Год малой радзімы асабліва актывізавалася і традыцыйная краязнаўчая праца, праз якую адлюстроўваецца гераічнае мінулае розных куткоў Беларусі, іх культурная самабытнасць, багатая архітэктурная спадчына і турыстычны патэнцыял, інтэлектуальны і творчы ўклад многіх пакаленняў у развіццё матэрыяльнай і духоўнай культуры нацыі.
Удзел у адзіным дні інфармавання прыняла старшы інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Навагрудскага РАНС Наталля Апалонік. Яна падкрэсліла, што ў нашай дзяржаве асаблівая ўвага надаецца захаванню і развіццю нацыянальнай культурнай спадчыны, адзначыла багаты інтэлектуальны і навуковы патэнцыял Беларусі.
У завяршэнні мерапрыемства навучэнцамі была прапанаваная ідэя стварэння ў музеі ўстановы экспазіцыі “Мае славутыя землякі”. Гэтую ініцыятыву падтрымалі адміністрацыя і кіраўнік школьнага музея.
Анжаліка ЗУБАРАВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Шчорсаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна