Пляцоўка для міжнароднага супрацоўніцтва

- 17:08ВИТЕБЩИНА, Регионы

 

Рэспубліканскі калядны фестываль педагагічнага майстэрства штогод з’яўляецца крыніцай натхнення педагогаў нашай рэспублікі. Гэты год стаў па-сапраўднаму ўнікальным, бо мерапрыемства ўпершыню праводзілася ў анлайн-рэжыме і адкрыла тым самым новыя магчымасці.

У секцыі “Замежная мова” выступіла Нусрэта Мурціч, настаўнік нямецкай мовы пачатковай школы Івана Горана Кавачыцы з г. Врбоўска (Харватыя). Выступленне замежнай калегі стала магчымым дзякуючы яе актыўнаму ўдзелу ў міжнародным праекце “Кніга свету”. Падчас сустрэчы калега распавяла, што міжнародная праектная дзейнасць у школах яе краіны – звычайная справа, але нават яна адзначыла маштабнасць мерапрыемства. Педагог са сваімі вучнямі з першых дзён актыўна ўключылася ў работу.

Алена Грынчык, настаўнік нямецкай мовы сярэдняй школы № 16 Брэста, са сваімі навучэнцамі таксама зрабіла дастойны ўклад у развіццё “Кнігі свету”.

Ідэя праекта зарадзілася на IX Рэспубліканскім калядным фестывалі, а прадстаўлены ён быў на X фестывалі ў выглядзе майстар-класа “Міжнародны праект “Кніга свету” як ініцыятыва для творчасці настаўніка і вучня”. Першымі накідамі праекта на англійскай мове тады падзялілася педагог Браслаўскай гімназіі Мая Дароніна. Пры падтрымцы і кіраўніцтве Галіны Хадасевіч, метадыста ўпраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, ён знайшоў свой працяг на нямецкай мове і аб’яднаў прадстаўнікоў дзевяці краін свету з розных кантынентаў нашай планеты. Геаграфія праекта шырокая і ахоплівае ў тым ліку Беларусь, Туніс, Харватыю, Косава, Паўднёвы Ціроль, Мексіку, Румынію.

Як кіраўнік маштабнага міжнароднага праекта “Кніга свету” хачу крыху расказаць, як мы яго рыхтавалі амаль на працягу года. Развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў у сучасным грамадстве адыгрывае вядучую ролю. Нестандартнасць мыслення, новы погляд на штодзённыя рэчы – гэта тыя якасці, якія з’яўляюцца рухавіком любога развіцця. Праект спрыяў і развіццю міжкультурных кампетэнцый як навучэнцаў, так і педагогаў.

Для работы над праектам намі была вызначана мэта: садзейнічаць дыялогу культур, фарміраванню міжкультурных кампетэнцый удзельнікаў праекта, распаўсюджванню атрыманага вопыту.

Была праведзена велізарная падрыхтоўчая работа: вызначана тэма, мэта, тэрміны, структура праекта, прадугледжаны, спрагназаваны магчымыя цяжкасці, затым вывучаны геаграфія праекта і матэрыялы ўдзельнікаў. Усе ўдзельнікі праектнай дзейнасці зрабілі неацэнны ўклад, прадставіўшы сваю краіну на нямецкай мове, для гэтага яны падрыхтавалі відэаролікі і тэксты з заданнямі. “Кніга свету” стала агульным здабыткам, і, прачытаўшы яе, мы цяпер можам даведацца пра Магічныя вёскі ў Мексіцы, замак Дракулы ў Румыніі, цікавыя народныя традыцыі ў Паўднёвым Ціролі, а галоўнае, стаць нашмат бліжэй адно да аднаго. Безумоўна, праект садзейнічаў раскрыццю творчага патэнцыялу навучэнцаў і педагогаў.

Пазнаёміцца з праектам падрабязней можна па спасылцы https://ru.calameo.com/read/006348048edf9f1cb3cd6

Аліна СТЭЛЬМАЧОНАК,
настаўнік нямецкай мовы, настаўнік-метадыст
Зялёнкаўскага дзіцячага сада – базавай школы імя Т.С.Марыненка Полацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий