Калектыў дзіцячага сада – сярэдняй школы № 12 Магілёва зацікаўлены вывучэннем гісторыі свайго роднага краю і Беларусі. Яркай і пазнавальнай падзеяй пачатку новага года стала паездка ў парк-музей інтэрактыўнай гісторыі “Сула”, размешчаны ў Мінскай вобласці.
“Сула”сустрэла нас лёгкім празрыстым туманам, з якога, як прывіды, выглядалі старадаўнія будынкі. Ненадакучлівая, чыстая беларуская мова, старадаўнія шляхецкія касцюмы адразу звярнулі на сябе ўвагу, нібы наладжваючы нас на хвалю прыемных адкрыццяў. І мы ўступілі ў сульскія ўладанні.
Экскурсаводы ў гістарычных касцюмах сустрэлі нас з музыкай – цэлы рытуал уступлення на сульскуюз ямлю! Затым пачалося падарожжа скрозь стагоддзі. Стаянка старажытнага чалавека, драўляныя ідалы старажытных багоў, паселішча вікінгаў – уся гісторыя гэтых мясцін на пляцоўках парку гісторыі.
Пагружэнне ў сярэднявечную гісторыю, калі Беларусь называлі краінай замкаў, пачалося з агляду складзенага з часанага бутавага каменя Сульскага замка, пабудаванага па ўсіх правілах сярэдніх вякоў. Затым адправіліся ў зброевую майстэрню, дзе нам прадэманстравалі каванне халоднай зброі і паказалі шабельны бой. Далей нашым вачам адкрыўся велічны будынак “Каралеўскай Асамблеі” – зала рыцарскай славы са зборам габеленаў і карцін. Зазірнулі ў броварню, дзедаведаліся шмат пра традыцыіежы і пітва, якія шліфаваліся ў беларускіх сядзібах стагоддзямі. Пазнаёміцца з багатай гісторыяй сям’і Ленскіх мы змаглі ў час наведвання музея Ленскіх і агляду капліцы ў выглядзе антычнага храма-ратонды.
Наведванне турыстычнага комплексу “Сула” стала для нас пагружэннем у чароўны свет, дзе сціраюцца грані паміж матэрыяльным і духоўным, аднаўляецца страчаная сувязь з мінулым.
Не будзем раскрываць усіх сакрэтаў, але месца гэта дзіўнае. Мясцовыя жыхары кажуць, што наведаўшы аднойчы гэта выдатнае і загадкавае “княства” і адчуўшы яго магічную энергетыку, вы не зможаце яго забыць, нейкая невядомая сіла будзе цягнуць вас вярнуцца сюды зноў і зноў. І для нас гэтая экскурсія стала цікавай і пазнавальнай.
Вольга ПАПОВА, Марына СЯРГЕЕНКА,
намеснікі дырэктара
дзіцячага сада – сярэдняй школы № 12 Магілёва