Навадворскім вучням зіма ў радасць

- 17:25ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Цяперашнія зімы сапраўды можна назваць доўгачаканымі: пачынаюцца позна, бываюць нядоўга, снегу мала. Таму трэба лавіць той шчаслівы момант, калі можна пакатацца на лыжах, санках, каньках, пагуляць у снежкі.

Такая цудоўная пара ў Навадворскай сярэдняй школе Свіслацкага раёна ўжо пачалася. Усе ўрокі фізічнай культуры і здароўя праводзяцца на лыжах на школьным стадыёне. Нават падчас кароткіх школьных перапынкаў хочацца выбегчы на вуліцу, каб пагуляць у снежкі. Ад такога занятку не адмаўляюцца і настаўнікі. Пасля ўрокаў дзеці спяшаюцца на лыжную трасу ў Белавежскую пушчу (яна пачынаецца адразу за школьнай тэрыторыяй), бо трэба добра падрыхтавацца да раённых спаборніцтваў “Снежны снайпер”, дзе каманда школы заўсёды займае прызавыя месцы.

Вядуцца падрыхтоўчыя работы па заліўцы школьнага катка. Чакаем большага марозу і – усе на каток! А каб нам было цікава і весела на катку і стадыёне (у школе ўсяго 56 вучняў), мы запрашаем дзяцей і дарослых: вучняў, бацькоў, аднавяскоўцаў і тых, хто прыехаў у госці, далучацца да нас. Для таго каб усе змаглі ўволю нацешыцца зімнімі радасцямі, пазаймацца спортам, умацаваць сваё здароўе, мы прапаноўваем спартыўны інвентар на пракат: лыжы, лыжныя чаравікі, санкі-лядзянкі.

Нам снег, вядома, у радасць. А пажылым адзінокім людзям – турбота, бо яго трэба расчысціць, а сіл не стае…Але існуе валанцёрскі рух! Адразу пасля ўрокаў – дружна за рыдлёўкі і па падворках нашых бабуль і дзядуль, якім мы пастаянна аказваем дапамогу. Іх у нас шмат, аж 129 чалавек, аднак і радасці ад таго, што мы дапамагаем людзям, таксама вельмі многа як у вучняў, так і ў нашых падшэфных.

Усталёўваецца сапраўдная зіма. Калі часцей бываць на свежым паветры, займацца спортам, быць актыўным, то ніякая хвароба не прычэпіцца. Наадварот, марознае паветра і хуткі бег лыж румяняць шчокі і падымаюць настрой.

Ларыса ПАРХІМОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Навадворскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий