Удзел дашкольнікаў у ахове птушак

- 16:42ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

 

З надыходам халадоў і снегападаў зімуючыя птушкі маюць патрэбу ў падтрымцы чалавека. У яслях-садзе г.п. Мір да аказання дапамогі птушкам мы падрыхтаваліся яшчэ з восені: нарыхтавалі падкормку для птушак, на кожнай альтанцы і ў “Птушыным мястэчку” развесілі па некалькі кармушак.

Пры цёплай восені і пачатку зімы птушкі не мелі патрэбы ў дапамозе. А калі выпаў снег і наступілі маразы, сінічкі, снегіры, дзятлы вымушаны былі перабрацца з лясоў бліжэй да чалавека.

Каб дапамагчы птушкам выжыць зімой без наступстваў для іх здароўя, трэба прытрымлівацца асноўнага правіла – неабходна не карміць, а толькі падкормліваць птушак, часткова здавальняць іх голад. Гэта вельмі важна, паколькі пры дастатку ежы ў кармушцы птушкі перастаюць уласнымі сіламі займацца здабычай корму – не шукаюць казурак у расколінах драўнянай кары, не падбіраюць насенне раслін. Аднастайнасць рацыёну негатыўна адбіваецца на самаадчуванні птушак. Калі няправільнае харчаванне і не прывядзе да неадкладнай гібелі птушкі, то значна аслабіць яе імунітэт.

         Напаўняць кармушку варта не больш за 1–2 разы ў суткі. У якасці корму для сініц, попаўзняў, дзятлаў лепш за ўсё падыходзяць насенне сланечніка, гарбузоў. Пшаніца, проса – гэта любімы корм зернеядных – зялянушак, шчыглоў, вераб’ёў. Для дзятлаў, крыжадзюбаў, соек з восені мы нарыхтавалі жалуды, шышкі, арэхі, для снегіроў і амялушак – глог, рабіну, крылаткі клёну. Несалёнае сала даспадобы практычна ўсім відам птушак, але асабліва яго любяць сініцы. Калі няма марозу, можна падкарміць птушак свежым парэзаным яблыкам. А вось свежым белым і чорным хлебам, смажанымі, салёнымі, вострымі сапсаванымі або засохлымі прадуктамі птушак карміць ні ў якім разе нельга!

Цяпер выхаванцы нашага дзіцячага сада штодня назіраюць, хто ж прыляцеў да кармушак паласавацца нарыхтаванымі прысмакамі.

Выхаванцы старшых груп у рамках рэалізацыі напрамку “Біяразнастайнасць” адукацыйнага праекту “Зялёныя школы” падчас прагулак вядуць яшчэ і статыстычны ўлік: назіраюць і фіксуюць у дзённіках, якія птушкі прыляцелі да кармушакі колькі іх.

Уменне весці статыстычны ўлік дапамагло выхаванцам 16 студзеня прыняць удзел ў рэспубліканскай акцыі “Птушкі ля кармушкі”. З дапамогай выхавальнікаў дашкольнай адукацыі хлопчыкі і дзяўчынкі адправілі справаздачы па выніках назіранняў за кармушкамі ў грамадскую арганізацыю “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, якая займаецца аховай і кантролем за папуляцыямі птушак.

Таксама з 15 па 31 студзеня 2021 года наш яслі-сад удзельнічае ў ініцыятыве гэтай арганізацыі па падліку вадаплаўных птушак на бліжэйшых вадаёмах. Інфармацыя дапаможа ацаніць, якія віды і ў якой колькасці зімуюць у Беларусі, што дасць магчымасць лепш планаваць дзеянні па іх ахове яку краіне, так і на міжнародным узроўні.

Святлана ПЕТРЫМАН,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада г.п.Мір Карэліцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий