20 студзеня, у Міжнародны дзень музейнага сэлфі, навучэнцы сярэдняй школы № 1 Смаргоні прынялі ўдзел у акцыі і зрабілі сэлфі ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі “Наш гонар”.
Дзень музейнага сэлфі праводзіцца ў трэцюю сераду студзеня і запрашае ўсіх наведаць музей і зрабіць фота на фоне экспанатаў. Гэтая акцыя спрыяе павышэнню цікавасці да наведвання музеяў, а таксама да асобных іх экспанатаў.
Для сваіх сэлфі вучні нашай школы выбралі экспанаты, перададзеныя ў дар школьнаму музею былым выпускніком, заслужаным дзеячам мастацтваў, скульптарам Уладзімірам Церабуном. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем фатаграфаваліся з піянерскім горнам і барабанам, фотаапаратам і стойкай для фотаапарата – прадметамі 60–70-х гадоў ХХ стагоддзя. Адметна тое, што школьнікі не толькі зрабілі сэлфі, але і задавалі пытанні пра выкарыстанне гэтых прадметаў, параўноўвалі іх з сучаснымі аналагамі.
Такім чынам, акцыя “Сэлфі ў музеі” выконвае адукацыйную і выхаваўчую функцыю, а таксама ўносіць карысную разнастайнасць у вольны час падлетка. А сэлфі з музейнымі экспанатамі, выкладзеныя на прасторах інтэрнэту, могуць стаць цікавымі яшчэ шматлікім дзецям і дарослым.
Вольга АЎГУСЦІНОВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 1 Смаргоні