Музейны ўрок “Асаблівасці арганізацыі святаў”. Працоўнае навучанне, 8 клас, дзяўчынкі

- 10:37II И III СТУПЕНИ, Методичка, Трудовое обучение

 

Алена ПЯЦЭВІЧ,
настаўнік матэматыкі, кіраўнік музея,
Галіна ШЭСЦЕЛЬ,
настаўнік працоўнага навучання
Пятрэвіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

З 2004 года ў школе працуе ваенна-этнаграфічны музей “Мая малая Радзіма”. Сёння ён змяшчае 380 экспанатаў асноўнага і 185 – навуковага фонду. У ім прадстаўлена 5 экспазіцый: “У гады ваеннага ліхалецця”, “Яны служылі ў Афганістане”, “Беларуская хатка”, “ З гісторыі школы”, “Назад у СССР”.

Музей прапануе ўвазе наведвальнікаў экскурсіі “Пятрэвіцкая святліца запрашае”, “Хроніка Вялікай Перамогі”, “Сляды Чарнобыля”, “Свет рэчаў”, “Побыт сялян”, “Ткацтва”, “Мая малая Радзіма”. Тут можна ўбачыць калекцыі прасаў, рушнікоў, грашовых знакаў, гліняных вырабаў, фотаздымкаў і паштовак, лялек. Матэрыялы музея выкарыстоўваюцца на класных і інфармацыйных гадзінах, на ўроках працоўнага навучання і гісторыі, на занятках у дзіцячым садку і ў пачатковых класах, падчас працы аздараўленчых лагераў і правядзення семінараў.

На базе музея праводзяцца тэатралізаваныя святы, абрады, квест-гульні, майстар-класы, урокі мужнасці, музейныя ўрокі. Адзін з музейных урокаў па працоўным навучанні ў 8-м класе пад назвай “Асаблівасці арганізацыі святаў” мы прапануем вашай увазе.

 

Мэты:

– фарміраванне ў дзяцей цікавасці да гісторыі і культуры народа праз вобраз традыцыйнай народнай лялькі;

– далучэнне дзяцей да вытокаў народнай культуры, здольнай адрадзіць пераемнасць пакаленняў, перадаць маральныя асновы, духоўныя і мастацкія каштоўнасці;

– вывучэнне культуры і побыту народа, захаванне традыцый і звычаяў.

 

Вучням было прапанавана дамашняе заданне: пазнаёміцца з народнымі лялькамі, вызначыць іх прызначэнне. Падчас музейнага ўрока быў створаны народны каляндар лялькі (Дадатак 1), які папоўніў экспазіцыі музея, а таксама праведзены майстар-клас па вырабе лялькі “Велікодная галубка” (Дадатак 2).

 

Ход урока

 

1 Арганізацыйны момант

 1-ы настаўнік:

Добры дзень усім. Сёння ў нас незвычайны ўрок. Урок у музеі. Тэма наша ўрока – “Асаблівасці арганізацыі святаў”. У канцы ўрока мы з вамі створым каляндар народнай лялькі. 

 

2 Актуалізацыя ведаў

 2-і настаўнік:

Народная лялька лічыцца адным з самых загадкавых знакаў. Гэта не проста дзіцячая цацка, гэта неад’емны атрыбут старажытных абрадаў. Са спрадвечных часоў майстрамі было засвоена мастацтва вырабу такіх лялек, якія ўвабралі ў сябе ўсе культурныя традыцыі і звычаі.

Лічылася, што лялькі, зробленыя сваімі рукамі з падручных матэрыялаў, валодаюць магічнымі ўласцівасцямі.

З даўніх часоў лялька была традыцыйнай цацкай. Гульня ў лялькі заахвочвалася дарослымі, таму што гуляючы ў іх, дзіця вучылася весці гаспадарку, знаходзіла вобраз сям’і. Лялька была не проста цацкай, а сімвалам працягу роду, закладам сямейнага шчасця. Прапаную вашай увазе тканкавыя народныя лялькі, створаныя мною з удзелам дзяцей. На кожны месяц календара мы зрабілі сваю ляльку.

І сёння мы даведаемся, якія лялькі былі ў даўніну, для чаго людзі іх прыдумалі, якое было іх прызначэнне.

1-ы настаўнік:

Дзяўчынкі, вам было прапанавана падрыхтаваць кожнай  інфармацыю пра дзве лялькі і зараз мы паслухаем Вас.

 

3 Работа па тэме

 Вучні прапануюць выкананае дамашняе заданне.

     1) Калядны анёл. Традыцыйна гэтая лялька рабілася з тонкай белай натуральнай тканіны. Можна выкарыстоўваць арганзу і іншыя прыгожыя тканіны. Для вырабу анёла трэба ўзяць квадратны лоскут тканіны, памер недзе 20×20 см, але можна выкарыстоўваць і іншы памер. У ідэале, народная лялька вырабляецца без нажніц і іголкі. Таму квадрацік не выразаецца, а адрываецца ад кавалка тканіны, пры гэтым з краю атрымліваюцца роўныя махры, якія нагадваюць пер’е. Выдатная гэта лялька прастатой, хуткасцю, і танным вырабам, пры ўсім пры гэтым, яна прыбраная і святочная.

     2) Масленіца. Масленіца – гэта ўнікальнае па сваёй распаўсюджанасці свята. У кожнага народа час паміж зімой і вясной адзначаецца як пачатак новага цыкла жыцця.

Аказваецца, у вялікай Масленіцы была малодшая сястра – хатняя Масленіца. Ёй гаспадары распавядалі пра свае планы на год і давалі наказ, каб лялька дапамагла ім спраўдзіцца. Стаяла лялечка ў самым бачным месцы і ўвесь час нагадвала пра тое, што трэба будзе зрабіць. Праз год стомленай ад сваіх абавязкаў ляльцы ладзілі праводзіны – яе спальвалі разам з вялікім пудзілам. А на змену ёй прыходзіла новая Масленіца.

     3) Вяснянка робіцца вясной, і служыць гаспадыні абярэгам на ўвесь год. Робяць яе звычайна маладыя дзяўчыны для сябе ці ў падарунак.

Адметнай асаблівасцю вяснянкі служыць доўгая каса, задраная ўгору і яркія фарбы ў вопратцы. У касе – яе сіла, таму чым таўшчэй і даўжэй каса, тым лепш. За гэту касу ляльку потым і падвешваюць у дамах, каб давала яна шчасце і поспех. Такая лялька не проста дзіцячая цацка – яна сяброўкаі дарадчыца. 

Вяснянку робяць па правілах стварэння народных лялек – твар не робіцца (каб лялька не ажыла), перавязкі робяцца чырвонай ніткай. Падчас вырабаў не павінны выкарыстоўвацца вострыя прадметы – ні нажніцы, ні іголкі, каб не ўкалоць і не пакрыўдзіць ляльку. На ёй не павінна быць вузельчыкаў, таму канцы нітак не замацоўваюць, а пакідаюць так.

     4) Лялька Вербніца – абярэг, які абараняе хатні ачаг. Сімвал вясновага свята Вербнай нядзелі, якое святкуецца разам з хрысціянскім Вялікаднём. Вярба – старажытны сімвал адраджэння прыроды, яна першая ажывае пасля зімы і ўвасабляе энергію якая абуджаецца вясной, энергію жыцця.

Гаспадыні рабілі Вербніцу на дастатак у доме, урадлівасць і прымнажэнне, а таксама на абарону ад захворванняў, пажараў і іншых няшчасцяў. Такая лялька лічылася падарункам і магла замяняць сабой велікоднае яйка.

     5) Суцешніца. Лялька на берасцяной аснове знаходзілася ў запасе, не навідавоку, даставалася толькі як хуткая дапамога пры хваробе дзіцяці. Рабілася суцешніца з самых яркіх тканін, на руках і на поясе навешваліся цукеркі, загорнутыя ў пакуначкі з матэрыі. Пакуль дзіця хворае і няўцешнае, лялька знаходзілася ў яго. Пры заспакаенні лялька прыбіралася да наступнага разу за печ, магчыма за ладан, альбо з галінкамі ладану для ачышчэння. Лялька па традыцыі ў вобразе жанчыны, а туга скручаная бяроста ў аснове як дрэва жыцця.

     6) Траўніца. Гэта лялька напоўнена духмянай лекавай травой. Ляльку неабходна падушыць ў руках, паварушыць, і па пакоі разнясецца травяны дух, які адганяе духаў хваробы. Праз два гады траву ў ляльцы неабходна памяняць. Менавіта так рабілі нашы продкі.

У ляльцы Траўніцы шэсць вузельчыкаў: вялікі вузельчык – тулава, нагадвае неваляшку, на яго прывязваецца вузельчык-галоўка (усе вузельчыкі набіваюцца толькі травой), да ручак прывязваецца па адным вузельчыку, яшчэ два вузельчыкі ўтвараюць грудзі.

Траўніца сочыць за тым, каб хвароба не пранікла ў хату. Ад яе зыходзіць цеплыня, як ад клапатлівай гаспадыні. Яна і абаронца ад злых духаў і хваробы, і добрая суцешніца. Яе падвешвалі ў хаце над калыскай дзіцяці. Ляльку давалі гуляць дзецям. Яшчэ яе ставілі каля ложка хворага.

     7) Лялька Купаўка – гэта абрадавая лялька аднаго дня. Яна ўвасабляла сабой пачатак купанняў. Яе сплаўлялі па вадзе, і ленты, прывязаныя да яе рук, забіралі з сабой людскія хваробы і нягоды – такое значэнне надавалася ачышчальнай сіле вады. Гэта лялька святаў Агафіі Купальніцы і Івана Купалы. Купала – бажаство ўрадлівасці. Ён зачараваў купальскую ноч 7 ліпеня (свята Іван Купала). Лічылася, што ў гэтую ноч жывёлы могуць гаварыць, дрэвы гутараць паміж сабой мовай шолаху лісця і зацвітае папараць-кветка. Толькі ў гэтую ноч нарыхтоўвалі некаторыя віды лячэбных траў.

     8) Лялька Жніца робіцца да першага дня жніва, калі апранаюцца прыгожыя зручныя адзенні, яркія галаўныя хусткі і плеценыя паясы. У ляльцы адчуваюцца годнасць, затоены гонар мацярынства. Абавязковымі элементамі лялькі з’яўляюцца каласы новага ўраджаю і вузельчык з ежай, дзе абавязкова прысутнічаюць соль, хлеб, малако.

Жніца адлюстроўвае святочны бок жніва. А праца ад відна да відна, якая суправаджаецца часцяком кармленнем грудных дзяцей прама ў полі, клопат пра падрастаючых дзяцей, якія гулялі побач у цені, недзе застаецца. Гарачая пара жніва была важная для сям’і і патрабавала высокай самааддачы, да якой і рыхтаваліся жанчыны, ствараючы лялькі і наладжваючы сябе на цяжкую працу. Лялька ўпрыгожвалася каласамі з бісеру.

     9) Лялькі Дзень і Ноч – лялькі-абярэгі жылля. Яны аберагаюць змену дня і ночы, парадак у свеце. Днём выстаўляюць наперад светлую, а ноччу –цёмную.

Лялька День – маладая, жывая, рухомая, працавітая і вясёлая. Яна –гаспадыня дня і сочыць, каб у буднія дні людзі працавалі. А ў святы весяліліся, спявалі, скакалі, гулялі, каб днём свяціла сонейка. Лялька сочыць за жыццём людзей пры святле дня, кааб ён не прайшоў дарма. Тады і лялька задаволена, і ў людзей усё добра. Лялька Ноч – мудрая, задуменная, спакойная, яна гаспадыня ночы. Ноч – чараўніца. Ноч сочыць, кааб усе супакоіліся і ляглі спаць, адпачываць ад дзённых спраў, набірацца сіл. Яна дорыць сон і засцерагае яго.

     10) Значэнне лялькі Рабінкі вызначаецца магічнымі ўласцівасцямі рабіны, а гэта, перш за ўсё, абарона ад нячыстай сілы і іншага ліха. Старажытныя славяне даўно заўважылі, што Хмыр, кікімары абыходзяць рабіну бокам і асцерагаюцца яе. Таму здаўна сталі рабіць ахоўныя амулеты і абярэгі з рабінавай драўніны, ягады якой карысталіся вялікім поспехам у якасці лекаў і харчовай дабаўкі. Кожную восень ў другой палове верасня з рабінавых палачак рабілі аснову для шыцця лялькі, якую потым апраналі, упрыгожвалі і называлі Рабінкай, надаючы ёй асаблівы статус моцнага абярэга для дома і ўсёй сям’і.

Ляльку Рабінку замацоўвалі каля ўваходу ў дом, яна першая сустракала прошаных і няпрошаных гасцей, не даючы цёмным сілам адчуваць сябе спакойна і ўпэўнена. Пры гэтым чалавек з каменем за пазухай ці які злыдзень адразу пачыналі нервавацца і мітусіцца, як вуж на патэльні, жадаючы як мага хутчэй пакінуць дом з такімі прадбачлівымі гаспадарамі, тут ужо ім было не да нажывы, быць бы жывымі. Вось у гэтым галоўны сэнс і прызначэнне лялькі абярэга старажытных славян – Рабінкі.

     11) Лялька Параскева – берагіня жаночых рамёстваў. Параскева – гэта хрысціянская заступніца жанчын і жаночай працы.

У лістападзе ёсць свята – дзень Параскевы Пятніцы. Святая Параскева Пятніца шанавалася як жаночая заступніца, заступніца рукадзельніц. У гэты дзень жанчыны і дзяўчаты паказвалі адна другой сваё рукадзелле. Было прынята ў гэты дзень вырабляць ляльку – Параскеву. Апраналі яе ў народны жаночы касцюм. На рукі лялькі дзяўчыны і жанчыны навязвалі паясы, стужкі, карункі, невялікія прылады жаночай працы: верацяно, напарстак, нажнічкі, падушачку з іголкамі і г.д.

У кожнай гаспадыні раней абавязкова была лялька-працаўніца Параскева, якая дапамагала ў хатніх клопатах. Жанчына часта казала: “Як шмат спраў, на ўсе рук не хапае!”, таму ў Параскевы магло быць ад васьмі да шаснаццаці рук, у кожнай – якое-небудзь гаспадарчае начыненне.

     12) Каляда. Калядкі праходзілі з удзелам лялькі Каляды. Гэтая лялька – сімвал сонца і добрых адносін у сям’і. Ляльку рабілі са спілу бярозы, кары або паперы. У мяшочках соль і хлеб – каб стол быў заўсёды поўны і сям’я не адчувала ні ў чым патрэбы. За поясам венік, ім яна адганяе нячыстую сілу. Каляда жыла ў доме год. Лічылася, што яна прыносіць у сям’ю шчасце, мір і згоду. Праз год Каляду спальвалі і рабілі новую.

2-і настаўнік:

– Скажыце, калі ласка, дзеці, якое праваслаўнае свята мы зараз адзначылі? Правільна, свята Вялікадня.

Вялікдзень – самае галоўнае праваслаўнае свята. У перакладзе з грэчаскай мовы слова “пасха” азначае “збавенне”. У гэтае свята ўсе праваслаўныя людзі радуюцца за ўваскрэсенне Ісуса Хрыста, радуюцца перамозе жыцця над смерцю. Замест звычайнага прывітання усе кажуць: “Хрыстос Уваскрос!”, а ў адказ чуюць: “Сапраўды Уваскрос!”, пасля чаго тройчы цалуюцца.

А што ж прынята дарыць на Вялікдзень? Вядома, усе дораць адзін аднаму фарбаваныя яйкі і частуюць кулічамі!

А яшчэ вельмі каштоўным падарункам да свята раней лічылася і велікодная лялька. Бо яна заўжды рабілася з новай тканіны – а яна даставалася няпроста, каштавала дорага. Ды і ўсё, што рабілася сваімі рукамі – цанілася.

Вядома некалькі відаў і спосабаў вырабу розных велікодных лялек. Велікодная Галубка – адзін з нескладаных і цікавых варыянтаў народных велікодных лялек.

Велікодная Галубка – глыбока сімвалічная лялька. Галубка – птушка. Паглядзіце, лялька падобная на птушку. Як вядома, голуб – адзін з сімвалаў хрысціянства. Стварэнне лялькі – гэта падстава парадаваць блізкіх падарункам, выказаць сваю любоў да іх, наладзіць сябе на тое, каб усім жадаць толькі дабра. У простай у стварэнні Велікоднай Галубкі ёсць некаторыя асаблівасці. Па-першае, чырвоны колер. Ён сімвалізуе жыццё і энергію. Чырвоны колер Велікоднай Галубкі – гэта момант, які не перажывае зменаў. Па-другое, Велікодную Галубку адрознівае яшчэ адзін традыцыйны элемент – “прычоска” – вузел на галаве. За прычоску лялька падвешваецца, і ствараецца ўражанне, што яна сапраўды ляціць. Велікодная Галубка, роўна як і астатнія лялькі, не ствараецца ў мітусні. Кожнай ляльцы патрэбны цішыня і засяроджанасць на сэнсе і сутнасці яе стварання. Хвіліначку думаем, супакойваемся і прыступаем да стварэння лялькі.

 

4 Майстар-клас 

1-ы настаўнік:

Давайце паспрабуем разам зрабіць ляльку Велікодная Галубка. Рабілі такую ляльку да свята Вялікдзень, ставілі ў чырвоны кут і захоўвалі цэлы год.

Велікодную Галубку можна зрабіць для сябе ці ў падарунак сябрам і знаёмым з пажаданнямі шчасця, дабра і любові.

Наш майстар-клас разлічаны для лялькі дастаткова малой, памер яе 14 см. Усе памеры тканіны пазначаны менавіта для такой лялечкі.

 

     1) Вам спатрэбяцца наступныя матэрыялы:

– кусок чырвонай тканіны 20×20см – для целалялькі;
– два кругі дыяметрам 15 і 20 см – для спадніцы лялькі (можна ўзяць тканіну розных чырвоных адценняў);
– вата або іншае набіванне;
– ніткі для завязвання;
– нажніцы.

     2) Спачатку зробім вузельчык на галаве Велікоднай Галубкі. Для гэтага вазьміце квадрат чырвонай тканіны. Скруціце зусім маленькі шарык з ваты.

     3) Пакладзіце шарык у цэнтр тканіны і трохі ссуньце яго да аднаго з вуглоў квадрата.

     4) Завярніце вугалок наперад і зрабіце вузельчык, абвязаўшы яго ніткай. Канцы ніткі пакіньце свабоднымі.

     5) Робім галаву лялькі. Кавалак ваты скруціце рулончыкам, пажадана шчыльней. Укладзіце ў цэнтр лапіка, так каб вузельчык апынуўся на патыліцы лялькі.

     6) Складзіце тканіну, абгарнуўшы рулончык з ваты. Паспрабуйце, каб твар лялькі атрымаўся роўным.

     7) Ніткамі, якія засталіся ад завязвання вузельчыка, абвяжыце галаву лялькі. Ніткі не абразайце.

     8) Робім рукі Велікоднай Галубкі з процілеглых кутоў квадрата. Куток трохі падгарніце ўнутр.

     9) Затым згарніце з боку да цэнтра, як у папяровым самалёціку, каб атрымаўся востры вугал.

     10) Сагніце тканіну яшчэ раз напалову па цэнтральнай восі і абвяжыце ніткай.

     11) Зрабіце гэтак жа другую руку.

     12) Ніткамі, якія засталіся ад завязвання галавы зрабіце крыжык на грудзях, абматайце на стан і завяжыце вузел ззаду лялькі. Тут можна канцы квадрата загарнуць да галавы, схаваўшы іх.

     13) Робім спадніцу для народнай лялькі. Злучыце два круга спадніцы, як паказана на фотаздумку. Пакладзіце іх адзін на другі, каб цэнтры колаў супадалі.

     14) Складзіце кругі ў чатыры разы (напалову і яшчэ раз напалову). Зрабіце невялікі надрэз па цэнтры крыжыкам.

     15) Надзяваць спаднічкі на ляльку лепш па чарзе. Спачатку завязваем круг тканіны меншага дыяметра і абвязваем ніткай.

     16) Затым апранаем другі круг і гэтак жа абвязваем ніткай.

     17) Спаднічку лялькі апускаем ўніз.

     18) Пры жаданні можна зрабіць падвес для лялькі. Для гэтага дадатковай ніткай абвяжыце вакол галавы лялькі.

     19) Народная лялька гатовая.

 

2-і настаўнік

Наша лялька-абярэг зроблена! Вы малайцы! Добра папрацавалі! (Аналіз выкананых работ па пытаннях)

   1) Што вам спадабалася на занятку?
   2) Якія цяжкасці ўзніклі ў практычнай частцы?
   3) Чаму новаму вы навучыліся?
   4) Якую яшчэ ляльку вы хацелі б зрабіць?

 

5 Выстава вырабленых лялек

 

6 Падвядзенне вынікаў

1-ы настаўнік:

Лялька не нараджаецца сама: яе стварае чалавек. Яна здабывае жыццё пры дапамозе ўяўлення і волі свайго стваральніка. З’яўляючыся часткай культуры, лялька захоўвае ў сваім вобразе самабытнасць і характэрныя рысы, якія стварае яе народ. У гэтым галоўная каштоўнасць традыцыйнай народнай лялькі.

Лялькі не толькі цацкі, але і блізкія сябры. У гульнях з лялькамі дзеці вучацца сябраваць, фантазіраваць, тварыць, праяўляць міласэрнасць, трэніруюць памяць. Але галоўнае ў гэтых гульнях – эмацыянальны кантакт з лялькай. Дзеці не проста прывыкаюць да лялек – яны прывязваюцца да іх як да жывых істот.

Лялька – знак чалавека, яго гульнявы вобраз-сімвал. У гэтай ролі яна факусуе час, гісторыю культуры, гісторыю краіны і народа, адлюстроўваючы іх рух і развіццё. Да гэтай крыніцы духоўнасці і звяртаемся мы, вывучаючы народную культуру, імкнучыся данесці да свядомасці школьнікаў каштоўныя яе крупінкі.

 

Дадатак-1.-Каляндар-народнай-лялькі

Дадатак-2.-Майстар-клас-па-вырабе-лялькі-“Велікодная-Галубка”

 

Спіс выкарыстаных крыніц

1 Дайн, Г.Л. Русская тряпичная кукла. Культура, традиции, технология / Г.Л Дайн, М.Н. Дайн. – М.: Культура и традиции, 2007.– 120 с.
2 Зимина, З.И. Текстильные обрядовые куклы / З. И. Зимина. – М.: Ладога-100, 2007. – 64 с.
3 Котова, И.Н. Русские обряды и традиции. Народная кукла / И.Н. Котова, А.С. Котова. – СПб. : Паритет, 2003.– 240 с.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий