Другі год у Вялікабераставіцкім яслях-садзе арганізаваны заняткі “Творчая майстэрня” ў межах платнай адукацыйнай паслугі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”.
Выхавальнік Ганна Даўлюд вучыць дзяцей параўноўваць паміж сабой разнастайныя матэрыялы, знаходзіць агульнае, адметнае, камбінаваць іх паміж сабой, тым самым выхоўваючы эстэтычны густ выхаванцаў. На занятках дзеці ствараюць свае вырабы з паперы, тканіны, лістоў, нітак, насення, пластыліну.
Абавязкова кожны занятак пачынаецца з сюрпрызнага моманту. Займальна і цікава ўводзіць выхавальнік сваіх дашкалят у чароўны свет мастацтва, паволі знаёмячы іх з сакрэтамі майстэрства. Падрабязна разбіраюцца розныя нюансы стварэння кожнай работы – каляровыя спалучэнні, размяшчэнне ў прасторы, суаднесенасць дэталяў паміж сабой. Так паступова крок за крокам выпрацоўваюцца творчыя ўменні і навыкі дзяцей.
Дзецям ужо знаёмыя сакрэты лепкі з пластыліну, канструявання з прыродных матэрыялаў, арыгамі, аплікацыі з паперы, лістоў, нітак, цестапластыкі, нетрадыцыйнага малявання.
Зімовыя святы натхнілі педагога на стварэнне разнастайных ялінак: і сканструяваных з паперы, і вылепленых на плоскасці, і зробленых з нітак і гузікаў.
Вялікую ўвагу ў час правядзення заняткаў выхавальнік надае вывучэнню правіл бяспекі і асабістай гігіены пры рабоце з інструментамі і матэрыяламі. Неад’емная частка заняткаў – гімнастыка для дзіцячых вачэй і рук, якая праводзіцца і для актывізацыі мыслядзейнасці, і для папярэджання стамляльнасці.
З дзіцячых вырабаў у групе ладзяць выставы, а потым экспанаты адпраўляюцца па дамах на памяць.
Ручная праца эфектыўна ўздзейнічае на развіццё дробнай маторыкі рук, маўлення і такіх псіхічных працэсаў дзіцяці, як увага, памяць, мысленне, уяўленне. Усё гэта ў сукупнасці спрыяе развіццю і ўзбагачэнню інтэлекту дзяцей.
Вольга БЕЛЯНЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Вялікабераставіцкага ясляў-сада